Жывая памяць аб вайне


Можна безліч разоў спрачацца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, мець розныя меркаванні наконт асобных праблем гэтай велізарнай сваім ахопам трагедыі, аднак, дакладна, што ніхто не адмовіць у тым, што захаванне памяці аб гэтых падзеях з’яўляецца нашым духоўным абавязкам перад нашымі продкамі, якія зведалі ўсе выпрабаванні самай жахлівай у свеце вайны.

У Дзень Перамогі згадаем Герояў, якія са зброяй у руках змагаліся супраць нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, згадаем мірных ахвяр, што пагінулі ў карных аперацыях, аблавах, канцэнтрацыйных лагерах, пад час баявых дзеянняў… Памяць – лепшая наша ўдзячнасць за стойкасць і мужнасць продкаў, памяць – лепшы спосаб выказаць жаль аб тых, хто пакінуў гэты свет у жахлівых пакутах.

Дзень Перамогі як ратунак чакалі мільёны людзей, мільёны змагаліся за тое, каб ён надыйшоў як мага хутчэй. Гэта была Перамога жыцця над смерцю, дабрыні і міласэрнасці над жорсткасцю і нянавісцю, міра над вайной. На жаль, пабачыць гэты Дзень было суджана далёка не кожнаму…

Гэта наша вялікая агульная памяць, адна на ўсіх… Дык давайце ж захоўваць яе разам! Завітвайце, калі ласка, у наш музей-запаведнік на выставу, прысвечаную Дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. На выставе Вы пабачыце творы беларускіх мастакоў Пятра Дурчына, Леаніда Шчамялёва, Мікалая Дучыца ды іншых. Гэтыя творы дапамагаюць нам прасякнуцца памяццю, адчуць яе сэрцам, а таксама – адчуць яскрава, якім жа цудоўным з’яўляецца мірны свет, свет без вайны.

Выстава дзейнічае ў музейна-выставачным комплексе па адрасе: вул. Рынкавая, 4, г. Заслаўе.

351