Выстаўка «Якуб Колас. Жыццё і творчасць»


З 1 верасня ў выставачнай зале раённага краязнаўчага музея распачала працу выстаўка «Якуб Колас. Жыццё і творчасць», якая прымеркавана да 140-гадавіны з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры.

На выстаўцы прадстаўлены шматлікія фотаздымкі, што распавядаюць пра жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа, асаблівая ўвага нададзена мемарыялізацыі памяці. У асобным планшэце прадстаўлена, як ушаноўваюць класіка беларускай літаратуры ў Ганцавіцкім раёне. Паказаны таксама копіі лістоў ад жыхароў вёскі Люсіна і горада Ганцавічы да Якуба Коласа з разнастайнымі просьбамі. Адна з вітрын адведзена пад невялічкую калекцыю марак, паштовак і канвертаў з выявамі знакамітага літаратара.

На выстаўцы можна пагартаць копію нарыса «О крестьянских постройках (деревни Люсино Минской губернии Пинского уезда Хотыничской волости)», якую Якуб Колас напісаў пад час працы настаўнікам у Люсіна, дзе рабіў этнаграфічныя запісы і збіраў вусную народную творчасць.

Таксама дэманструецца відэафільм Міколы Пракаповіча аб святкаванні ў Ганцавіцкім раённе 100-гадовага і 120-гадовага юбілеяў Якуба Коласа.

Акрамя таго, да юбілейнай даты на сайце музея дзейнічае віртуальная выстаўка «Якуб Колас у значках, марках, паштоўках і канвертах», а ў раздзеле «Экспазіцыя» можна завочна пазнаёміцца з вітрынай «Якуб Колас».

146