Фотагляды і нарысы Заслаўскіх абшараў. ХХ ст. / выставачны праект


Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”
Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці
 
Выставачны праект “Фотагляды і нарысы Заслаўскіх абшараў. ХХ ст.”
 
21 кастрычніка – 24 снежня 2022
 
 
Княства… Графства… Воласць… Заслаўскі раён… зноўку “Воласць” і зноўку Раён
Кіеўская Русь… Вялікае Княства Літоўскае… Рэч Паспалітая… Расійская Імперыя… БНР… ССРБ… ЛітБел… ІІ Рэч Паспалітая… БССР… СССР… Генеральная акруга Беларусь Рэйхкамісарыяту Остланд… аднаўленне БССР і СССР… Рэспубліка Беларусь…
Тысячагадовая гісторыя Заслаўя дый Земляў Заслаўскіх — у розныя часы дый у розных краінах. Розныя абшары ды розныя статусы. Вывучаць заслаўскую гісторыя можна толькі па гісторыі гэтых абшараў ды па іх назвах. Дый гісторыю самой Беларусі, якая бы ў люстэрку тут адбілася — усю мінуўшчыну краіны дый цяперашні час можна зразумець, зірнуўшы ў тое мінулае.
Так, у мінулым ХХ стагоддзі даўжэй за ўсё Заслаўе “ўваходзіла” ў БССР ды ў СССР, які быў утвораны акурат сто гадоў таму — дамова аб утварэнні Савецкага Саюза была падпісаная 29 снежня 1922 года.
А большасць часу, што нашае мястэчка было ў складзе БССР-СССР — з 1924 па 1959 гады, — існаваў і Заслаўскі раён. Толькі ў канцы 1950-ых гадоў у чарадзе акцый па ўзбуйненню ды рэфармаванню адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак­ тагачаснай Беларусі раён быў ліквідаваны.
 
1920-ыя…
1930-ыя…
1940-ыя…
Дый, урэшце 1950-ыя — даўгія, ужо далёкія ад нас, але ж значныя, цікавыя, таямнічыя… Зусім іншыя, не падобныя на нашае жыццё, яны, насамрэч, яшчэ жывуць зыркімі ўспамінамі ў памяці месцічаў, у сямейнай гісторыі ды вобразах, што паўстаюць пры выгуку “Заслаўе”…
Паглядзець на тыя ўспаміны і ўглядзецца ў тыя чатыры дзесяцігодкі, што прайшлі ў жыцця мястэчка як Заслаўскі раён БССР–СССР, можна не толькі праз уласныя памяткі, праз успаміны блізкіх, але і праз пэўныя артэфакты, да якіх можна дакрануцца, якія можна агледзіць, якія можна адчуць тактыльна, а ў музеі — можна нават і трошку медытаваць поруч з імі.
Пасля ліхалеццяў Першай сусветнай вайны, расійскай рэвалюцыі, тэрору Грамадзянскай і Савецка-Польскай войнаў ды ваеннага камунізму настаў мірны час. Але жыццё памежнага Заслаўскага раёну не было мірным і тады. Не толькі кампаніі раскулачвання і палітычных чыстак узрушвалі жыццё абывацеляў. Гэты самы памежны рэжым вызначаў будзённасць усіх жыхароў раёна, нават тых, што мешкалі ў самых аддаленых ад граніцы яго частках. Кантрабандыстыя рабілі свой гэшэфт, а памежнікі, змагаючыся з імі дый ахоўваючы мяжу ад варожых імперыялістычных нападак, імкнуліся кантраляваць жыццё ўсіх заслаўскіх месцічаў, збіраючы аператыўную інфармацыю і робячы аналітычны агляд сацыяльна-эканамічнага стану жыцця раёна.
Але ж усё адно адкрываліся школы — руская, габрэйская, беларуская. Працавалі шпіталі і лякарні, праводзіліся сельгасвыставы, праводзіліся культурніцкія імпрэзы… Жыццё віравала і мінала скрозь па-/ваеннае ліхалецце. Праўда, суворы сталінскі рэжым не мог не пакінуць на ім свае адбіткі… Пра ўсё гэта нам сведчаць архіўныя дакументы і фатаграфіі з фондаў нашага Музея-запаведніка і Дзяржархіва Мінскай воабласці.
 
Пра ваенныя гады — нястачы, роспач дый гора таго ліхалецця, — многа разоў ужо ўзгадвалі мы ў сваёй музейнай рабоце. Але ж і звычайнае цывільнае жыццё было ў ваенныя гады. Яно было не гледзячы ні на што, яно віравала. Але ж якім чынам яно віравала? Як жылі простыя людзі, як было арганізаванае іхнае жыццё — іх “шэрыя будні”? Пра гэта таксама можна даведацца з архіўных дакументаў.
Разбураныя вайной, а дзесь і захавалыя хацінкі, спаленыя вёскі, спляжаныя гмахі пасля вайны адбудоўваліся, адбудоўвалася і жыццё людзей, ствараліся новыя прадпрыемствы ці аднаўлялі работу старыя… Адбіткі з нарысамі таго паваеннага жыцця 1940–50-ых гадоў таксама можна паглядзець на нашай выставе.
Ці было яно сапраўды такім радасным, як на тых фота, ці насамрэч прамянілася радасцю жыццё заслаўцоў, як можна падумаць, разглядаючы тыя пастановачныя фота? Адказ могуць даць толькі самі гісторыі жыцця нашых месцічаў, іх успаміны, мемуары… Паглядзець на фотаздымкі можна на выставе, а паслухаць успаміны можна, выйшаўшы на вуліцы мястэчка — яшчэ багаты тых людзеў, якія самі перажылі паваенныя часы ў Заслаўскім раёне ды на ўласныя вочы бачылі яго паваеннае аднаўленне…
 
Блізкасць райцэнтра да Мінска абумовілі і яго арыентацыю на сталіцу, а, значыцца, і знікненне раёну ў 1950-ыя гады — гады імклівага аднаўлення Галоўнага Горада Беларусі. У канцы 50-ых раён скасавалі, але ж само Заслаўе з Заслаўскімі абшарамі засталося тут, на месцы. Толькі гэта ўжо іншая гісторыя — гісторыя Заслаўя і яго абшараў, што пісалася на нашыя ўласныя вочы…
 
 
Выстава не доўгатэрміновая, але гэта — адна з магчымасцяў даведацца пра гісторыю Заслаўя. Гісторыю мястэчка, якое сёння з’яўляецца турыстычнай мекай прысталічча, і гісторыю, якую не пачуеш падчас аглядовых экскурсій — не таму, што яна складаная і ў чымсьці не вельмі прывабная, а таму, што ў маштабах гістарычнай спадчыны Заслаўся гэта зусім невялічкі прамежак часу… Усяго каля 70 гадоў у складзе БССР–СССР, 38 год існавання Заслаўскага раёну. Але гэта час вялікіх змен і пераўтварэнняў…
253