Экспазіцыя «Родам з мястэчка»

"Родам з мястэчка" - менавіта так была абазначана тэма праекта Уздзенскага  раённага гісторыка-краязнаўчага музея на V Музейным форуме музееў Беларусі. Такія тыпы населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны вядомы з 14 стагоддзя. Мястэчкі спалучалі рысы і асноўныя заняткі гарадскіх і вясковых селішчаў. Тыповая застройка - гэта гандлёвая плошча, вакол якой фарміраваліся культавыя пабудовы: царква, сінагога, мячэць. Феномен мястэчка заключаецца ў арганізацыі прасторы ўзаемаадносін розных канфесій у рамках невялікай мясцовасці.

Калі гарады жылі рамёствамі, вёскі - сельскай гаспадаркай, то ў інтэрнацыянальных мястэчках рабілі і ўмелі ўсё. Яўрэі ў асноўным займаліся гандлем, татары хіліліся да сельскай гаспадаркі і гарбарства, беларусы - да ткацкіх рамёстваў.

Гаварыць пра мястэчка і не расказаць пра іх жыхароў - немагчыма. Беларускія мястэчкі, якія далі Ізраілю ці не палову прэм`ераў, сёння амаль беларускія. Што здарылася з яўрэямі ў гады вайны добра вядома, тым не менш гэтыя трагічныя старонкі мы гартаем раз за разам, кожны раз як занава. Да сённяшняга дня ва Уздзе жывуць татары, якія хоць і забыліся мову, але захавалі сваю самабытнасць, дзякуючы веры і павазе традыцый сваіх продкаў. Больш таго, адна з супрацоўніц нашага музея прадстаўніца татарскай дыяспары.

Што выйгрышна глядзелася ў музейнай экспазіцыі - гэта аўтэнтычныя прадметы побыту кожнай дыяспары. Нязменную цікавасць вызывалі і татарскія хамаілы, і адмысловыя чаравічкі ручной работы, і беларускія тканыя палотны, і старадаўнія яўрэйскія сундукі, што не адзін раз перасеклі акіян у пошуках лепшай долі.

Родам з мястэчка аказалася і інтэрактыўная гульня, якая аб`яднала мовы розных пластоў насельніцтва. "Беларуская трасянка" зацікавіла не толькі дарослых , але і дзяцей. К слову, трэба адзначыць дасведчанасць нашых вышэйстаячых асоб, якія з лёгкасцю справіліся з заблытанымі пытаннямі.

За ўдзел  у форуме музей атрымаў  дыплом  у намінацыі "Спецыяльны дыплом журы". Дастойная адзнака за работу па захаванні гісторыка культурнай спадчыны!

611