Часовая экспазіцыя «Талстой і Беларусь»


1 сакавіка 2023 года, а 16-й гадзіне, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрываецца часовая экспазіцыя «Талстой і Беларусь» – супольны праект з Дзяржаўным музеем Л.М. Талстога ў Маскве. Выстава прысвечана сувязі славутага пісьменніка, 195-годдзе якога адзначаецца ў 2023 годзе, з нашай краінай, а таксама ўплыву яго творчасці на беларускіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

На старонках рамана «Война и мир», над якім аўтар працаваў сем напружаных гадоў, шмат распавядаецца пра беларускія гарады і вёскі, дзе змагаліся героі Талстога. На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да славутага твора, гістарычныя гравюры і рэпрадукцыі, на якіх адлюстраваны апісаныя ў рамане баі, што адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі (пераход праз Неман, бой пад Салтанаўкай, бітва на Беразіне), чарнавыя рукапісы рамана.

Многія аўтары падкрэслівалі, што пасля рэалізму Талстога пра вайну нельга было пісаць інакш. Алесь Адамовіч адзначаў:

«К нам толстовская правда войны пришла, в нас проникла задолго до наших собственных военных переживаний».

Уплывы Талстога, яго псіхалагічныя назіранні за паводзінамі чалавека на вайне прасочваюцца ў творчасці Максіма Гарэцкага, Івана Мележа, Янкі Брыля, Васіля Быкава і інш.

На выставе таксама можна пазнаёміцца з матэрыяламі, якія расказваюць пра вайсковы досвед самога Талстога. У апавяданні «Севастополь в мае» чытаем:

«Герой же моей повести, которого я люблю всеми силами души, которого старался воспроизвести во всей красоте его и который всегда был, есть и будет прекрасен, – правда».

Яшчэ адным раздзелам выставы сталі пераклады кніг Льва Талстога на беларускую мову з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Сярод іх – апавяданні для дзяцей, «Севастопальскія апавяданні», раман «Васкрасенне» і аповесці «Хаджы-Мурат», «Каўказскі палоннік» і інш.

Выстава змяшчае цікавыя неапублікаваныя архіўныя матэрыялы, прадстаўленыя Дзяржаўным музеем Л.М. Талстога, матэрыялы са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры. Яна будзе цікавая навукоўцам, даследчыкам, музейным супрацоўнікам, выкладчыкам і студэнтам філалагічных факультэтаў, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй літаратуры.

Адкрыццё выставы пройдзе з удзелам дырэктара Інстытута літаратуразнаўства імя Я.Купалы НАН Беларусі І.В. Саверчанкі і акцёра, рэжысёра, дыктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё А.А. Вінярскага.

Выстава будзе дзейнічаць па 26 мая 2023 г. па адрасе: г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

Куратар – вядучы навуковы супрацоўнік Паліна Мікалаеўна Саўген. Тэл. +375 (17) 395-44-47.

842