Мемарыяльны выставачны праект «Камяні млынара. Вяртанне… З гісторыі сям’і Мяхедак-Савіцкіх — заслаўскіх млынароў і мінскіх майстроў ды каменацёсаў»


ЭТНАГРАФІКА РЭЧАВІДУ
серыя навукова-даследчых экспазіцыйна-выставачных праектаў

Мемарыяльны выставачны праект

“Камяні млынара. Вяртанне…

З гісторыі сям’і Мяхедак-Савіцкіх — заслаўскіх млынароў і мінскіх майстроў ды каменацёсаў

Прыпыніся, падарожны. Ты яшчэ паспееш наведаць і старажытныя заслаўскія муры, і белую, нібы лебедзь, кальвінскую царкоўку, што так прывабна паманіла цябе ўжо з вокнаў прыгараднага цягніка. Пакінуўшы цягнік, не спяшайся прыбавіць крок. Азірніся вакол. Адразу ля чыгункі цябе павітае стары заслаўскі млын. Мо й не прыкметны ён з выгляду, як часам непрыкметнай бывае сама Праца, затое значны па сваёй сутнасці

З буклета “Паравы млын у Заслаўі”, Мінск: БелТА, 1991

МІХЕДКА Капітон, былы шляхціч, у мінулым валодаў да 180 дзесяцін зямлі <…> У мінулым Міхедка меў свой млын і паравік азначанага млына прадаў Шапшынволу за 1 200 рублёў. Міхедка <…> уступіў у калгас у Хмелеўку і ў далейшым даведаўшыся, што ён можа скарыстацца маёмасцю свайго млына, выйшаў з таго — пасля чаго ім быў прададзены вышэйзгаданы паравік

Характарыстыка на часовае праўленне заслаўскага калгаса “Чырвоная Зорка” / Управа Ізяслаўскага пагранатрада АГПУ, люты 1930 // Дзяржархіў Мінскай вобласці — Ф. 185. Воп. 1. Спр. 105. Арк. 59.

56 гадоў таму, у далёкім ужо 1967 годзе сумеснай пастановай ЦК КП(б)Б і Савета Міністраў БССР было прынятае рашэнне аб адкрыцці ў Беларусі чатырох гісторыка-археалагічных запаведнікаў — у Гродна, Пінску, Полацку… Сярод гарадоў-запаведнікаў было і Заслаўе. Цягам 10 гадоў тут ствараўся і ў 1977 годзе ў велічным гмасе былога кальвінскага збору быў адкрыты філіял Нацыянальнага гістарычнага музея — тады Дзяржмузея БССР, — Музей рамёстваў і народных промыслаў.

У самым канцы 1986 года была прынятая яшчэ адна пастанова, паводле якой на базе існага запаведніка — філіяла галоўнага гістарычнага музея Беларусі, — быў заснаваны ўжо самастойны музей — Гісторыка-культурны запаведнік “Заслаўе”.

Адным з першых экспазіцыйных аб’ектаў рэарганізаванага запаведніка стаў музеефікаваны будынак колішняга гарадскога млына, урачыстае адкрыццё якога адбылося ў Міжнародны дзень музеяў 18 траўня 1990 года.

Вызначальным для лёсу Запаведніка быў і дагэтуль застаецца створаны на базе Млына ўрбаністычны скансэн. Дагэтуль ён вызначае аблічча не толькі самога Запаведніка, але і ўсяго мястэчка — цяпер горада Заслаўя. Сустракае мінакоў — і заслаўцаў, і “турыстаў”, — каля местачковага вакзалу менавіта млынарскі гмах, які цяпер “аброс” цэлым сузор’ем помнікаў — у этнаграфічны комплекс “Млын” і “Кузня” апрача ўласна Млына ўваходзяць рэканструяваная Хата завознікаў і Свіран, за якім наводдаль размешчаны яшчэ адзін “этнаграфічны” аб’ект Запаведніка — Кузня. Разам яны ўтвараюць невялічкі гарадскі скансэн.

І сэрцам гэтага скансэна, як і ўсяго Запаведніка, быў і застаецца Млын.

Калісь ягоны гмах стаяў у самым цэнтры мястэчка — бадай на самім Рынкавым пляцы, поруч з касцёлам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Пабудаваны Саламонам Штайнбергам у 1901 годзе як крухмальны завод, “будучы” Млын праз 10 гадоў быў выкуплены Ясонам Мяхедкам-Савіцкім (сустракаецца яшчэ і напісанне прозвішча праз “і” — Міхедка-Савіцкі) і ягоным сынам Капітонам і перароблены на мукамольню.

Дазвол на будаўніцтва млына быў атрыманы ягоным гаспадаром Ясонам Мяхедкам-Савіцкім ад Мінскай губернскай управы 7 ліпеня 1910 г. Да 1915 году гмах яшчэ месціўся ў цэнтры мястэчка, але хутка пан Ясон змушаны быў перанесці яго на іншае месца, недалёка ад чыгуначнай станцыі “Ізяслаўль” Лібава-Роменскай чыгункі, дзе ён і дагэтуль стаіць.

Мукамольны механізм прыводзіўся ў рух лакамабілем, што месціўся ў машынным аддзяленні і дзейнічаў на дзве паставы. Паравы кацёл паліўся дровамі. Справа ад уваходу ў знадворнай сцяны была прымацаваная навісь, пад якой працавала цыркулярка для распілоўвання бруса на дошкі. З 1950 года пасля “мадэрнізацыі” млын ужо працаваў на электрычнасці — механізм прыводзіўся ў рух электраматорам праз раменную перадачу. У 1988 годзе помнік местачковай архітэктуры быў перададзены Гісторыка-культурнаму запаведніку “Заслаўе”. Каб аднавіць дзейнасць млына і прывесці будынак да ладу, у 1989 годзе запатрабаваліся рэстаўрацыйныя работы. Млын была зноў пушчаны ў ход праз год у ліпені 1990-га. Помнік прамысловай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя з’яўляецца цэнтральнай часткай музейнай экспазіцыйнай прасторы “Этнаграфічны комплекс «Млын» і «Кузня»”.

Яшчэ пэўны час пасля тэй рэстаўрацыі заслаўскі гарадскі млын працягваў сваю працу — на карысць і тубыльцам, і Запаведніку. Праз работу помніка была рэалізаваная спроба стварэння экамузея — спроба стварэння ўнікальнага праекту музея-горада. Жывога і сапраўднага музея-горада…

Амаль штодня сюды прыязджаюць завознікі, зерне ператвараецца ў муку; жыве адроджаная традыцыя.

Наведваюць млын і турысты. Для іх на трэцім паверсе будынка размешчаная невялікая экспазіцыя, якая распавядае пра гісторыю млына, ды пра ўмовы працы былых яго рабочых

З буклета “Паравы млын у Заслаўі”, Мінск: БелТА, 1991

І ўсе гэтыя гады — нават стаўшыся дзяржаўным, Млын захоўваў памяць пра сваіх гаспадароў — пра сям’ю Мяхедак-Савіцкіх. Але ж і Мяхедкі-Савіцкія — усе галіны шматлікага роду, — нават пакінуўшы утульнае заслаўскае мястэчка, не пакідалі памяці пра яго і, вядома ж, пра яго сэрца — пра Заслаўскі Млын

Самі Мяхедкі-Савіцкія, як сведчаць дакументы з сямейнага архіву, паходзяць з недалёкіх ад Заслаўя Астрошыц. Прыпісаныя да тамтэйшых сялян, яны імаверна паходзілі з беларускай дробнай шляхты, што не прайшла “разбораў”. Прынамсі, ва ўжо ўзгаданай у пралозе цытаце з данясенняў спецслужбаў сын Ясона Мяхедкі-Савіцкага Капітон пазначаны менавіта як былы шляхцюк.

Род Мяхедак-Савіцкіх займаўся млынарнай справай. Апрача заслаўскай, быў у іх калісь млын і ў суседніх Радашкавічах.

А дзе млынарства, там і работа з камянём. Нялёгкая, але важная для млынара работа — жорны даглядаць, паднаўляць, новыя правіць… Таму заслаўскі млын застаўся сыну Капітону, а другі сын — Ігнат, — заняўся справай каменацёса. Пераехаў у Мінск, дзе яго сям’я асела на Старажоўцы. Ды заняўся сваёй справай — апрацоўваць камяні. Праўда, замест жорнаў стаў рабіць помнікі… Ягонай рукі работы і дагэтуль можна спаткаць на старажытных мінскіх Кальварыйскіх могілках. Дужа вылучаюцца тыя пастаменты. Дый на роднае Заслаўе не забываўся — помнік маці Кацярыны на заслаўскіх могілках таксама ягонай работы.

Так сям’я і жыла ў самім сэрцы старадаўняга мінскага прадмесця — бадай ля дарогі на Заслаўе, насупраць той самай Пярэспы, пра якую Павал Шпілеўскі ў сваіх Падарожжах па Палессю і Беларусім краі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя апісаў паданне пра асілка-млынара Мянеска, што жыў на Пярэспе — лічы на мяжы са Старажоўкай і насупраць Татарскіх гародаў. Менавіта на тым самым месцы і аселі мінскія Мяхедкі-Савіцкія…

Дый сама сям’я Мяхедак-Савіцкіх дакладна паўтарыла маршрут знакамітага этнографа, толькі ў зваротным кірунку: пан Шпілеўскі пасля мінскага Мянеска трапіў у Заслаўе, дзе запісаў апрача гісторыі Рагнеды і Ізяслава і паданне пра няшчаснае каханне да менскага князя двух заслаўскіх князёўн, што жылі у замку там, дзе цяпер Замэчак, і пра старую чараўніцу, што жыла ля ракі Княгінькі.

І дагэтуль мінскія нашчадкі заслаўскіх млынароў не забываюцца на сваё радавое гняздо. Пакінуўшы Заслаўе, Міхедкі-Савіцкія падтрымлівалі сувязь са сваёй радзімай… Магілку жонкі пана Ясона рэгулёва даглядаюць. Дый не толькі на Радаўніцу, але часта проста так яны адведваюць сваё любае мястэчка.

Мінула бадай сто гадоў, як хтось з Мяхедак-Савіцкіх — дакладней, іх нашчадкі, бо ўжо ніхто не мае таго прыгожага і слыннага падвойнага прозвішча, — з Заслаўя перабраўся на мінскую Старажоўку. Прыспеў час вяртацца…

У фамільным архіве захоўваецца безліч прадметаў, звязаных з гісторыяй роду. Нават дакументы продкаў пана Ясона… А яшчэ асабістыя рэчы яго старажоўскіх нашчадкаў — тое ж мініяцюрнае пенсне і велічнае піяніна, што цяжка ўмясціць у сучасную кватэру… А яшчэ ж шмат чаго…

На сёлетняй выставе — выставе-вяртанні ў нашае мястэчка, — мы прэзентуем серыю жывапісных ды графічных работ праўнучкі п. Ясона Мяхедкі-Савіцкага — Ларысы Барташэвіч, якой сёлета споўнілася б 110 гадоў. Гэта — партрэты сваякоў і блізкіх, краявіды і рэчавіды… А яшчэ — невялічкая фотакалекцыя з партрэтамі заслаўскага выбітнага роду…

Выставачны праект пачынае сваю работу 31 траўня 2023 і прымеркаваны да шэрагу мерапрыемстваў у рамках Міжнароднага дня музеяў (18 траўня). Гэта абумоўленае тым, што адным са знакавых/ключавых аб’ектаў музея запаведніка з’яўляецца Млын, які належаў сям’і Мяхедак-Савіцкіх.

Праект змог быць рэалізаваны дзякуючы пільнай падтрымцы і адданаму ўдзелу сям'і Ракіцкіх, Уладзіміра і Ганны, іх шчыраму сяброўству з прапраўнучкай пана Ясона — Людмілай Пятровай.

1358