Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Літаратурныя партрэты Віктара Барабанцава»


8 чэрвеня 2023 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца адкрыццё часовай літаратурна-мастацкай экспазіцыі “Літаратурныя партрэты Віктара Барабанцава”. Пачатак а 16-й гадзіне.

Сутворчасць мастака i пісьменніка яскрава прасочваецца праз yce перыяды развіцця літаратуры i выяўленчага мастацтва. Мастак Віктар Барабанцаў – адзін з нешматлікіх майстроў, які плённа працуе на ніве выяўлення беларускіх дзеячоў літаратуры, ахапляючы часовую прастору ад старажытнасці да сучаснасці.

Мастацкая выстава “Літаратурныя партрэты Віктара Барабанцава” дае магчымасць згадаць, а можа, i адкрыць для сябе імёны выдатных дзеячоў беларускай літаратуры і культуры: Кірылы Тураўскага, Сымона Буднага, Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Станіслава Манюшкі, Уладзіслава Сыракомлі, Браніслава Эпімах-Шыпілы, Максіма Багдановіча, Аляксея Дударава, Уладзіміра Карызны, Георгія Марчука, Алены Стэльмах, Віктара Карамазава, Алеся Бадака, Віктара Шніпа і інш.

Заўважна, як каларытна імкнецца мастак прадставіць сваіх герояў гледачу. Ён выступае свайго роду пасрэднікам у гэтым знаёмстве, імкнецца перадаць уласную павагу, любоў i захапленне літаратурнымі знакамітасцямі.

Барабанцаў вельмі дакладна перадае не толькі знешні выгляд партрэтуемых, але i раскрывае ix характар, духоўную сутнасць. Дэвіз Віктара Барабанцава:

“Найпершая задача мастака – мець уласны погляд на ўcë: на Бога, чалавека, прыроду, радзіму, а мальберты ды фарбы ва ўcix аднолькавыя. Знайдзі радзіму, адчуй яе ў сваёй душы”.

Імя творцы як аднаго з вядучых прадстаўнікоў рэалістычнага напрамку ў сучасным беларускім жывапісе добра ведаюць знаўцы і аматары выяўленчага мастацтва як у нашай краіне, так i за яе межамі. Віктар Кірылавіч Барабанцаў – Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2018). Узнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (1999), медалём Францыска Скарыны (2010), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” (2012). Лаўрэат прэміі прафсаюзаў Беларусі (1990), прэміі “За духоўнае адраджэнне” (2001).

Творы В.К. Барабанцава захоўваюцца ў музеях Беларусі, прыватных калекцыях Бельгіі, Вялікабрытаніі, Кіпра, Нідэрландаў, Польшчы, ЗША, Швецыі.

Выстава будзе дзейнічаць па 30 верасня 2023 года.

Куратар – старшы навуковы супрацоўнік Ірына Расціславаўна Князева. Тэл. +375 (17) 395-44-47.

Фота на афішы - Яўгена Коктыша.

1685