Архітэктурныя помнікі. Наваградскі Замак

З моманту канчатковага разбурэння Наваградскага замка прайшло 315 гадоў. Давайце ўспомнім гісторыю яго будаўніцтва.

Археолагамі ўстаноўлена, што з пачатку XI ст. і да сярэдзіны XIII ст. на валах старажытнага Наваградка былі драўляныя сцены рознай канструкцыі, якія аднаўляліся не менш, чым пяць разоў. Пасля былі збудаваныя больш магутныя дубовыя зрубы, і тады ж з'явілася першая каменная вежа ў замку. Даследчык М. А. Ткачоў устанавіў, што дадзеная старажытная вежа існавала ў другой палове XIII ст. і адносілася да таго ж тыпу вежаў, што і Камянецкая.

Каменныя пабудовы не былі новай зʼявай для Наваградка тых часоў. Бо ўжо ў XII ст. была ўзведзена Барысаглебская царква. Лічыцца, што вежу ўзводзілі менавіта мясцовыя майстры. Аргументуюцца гэтыя меркаванні тым, што вежа зробленая менавіта з палявога каменя, а дадзены будаўнічы матэрыял быў вельмі характэрны для мясцовых будаўнікоў.

Наваградскі замак вельмі шмат разоў цярпеў аблогу ад варожых артылерыйскіх гармат. Вялікую ролю ў абароне ўсяго горада згуляла старажытная каменная вежа, на долю якой выпалі вельмі цяжкія выпрабаванні. Яна атрымала назву Шчытоўка. Вежа была пяціпавярховая з перакрыццямі на бэльках. Вышыня яе была каля 25 м. Напачатку, гэтая вежа была пакрытая гонтай, а затым ужо чарапіцай.

Варта адзначыць, што ўсе замкавыя ўмацаванні ўзводзіліся ў некалькі этапаў. Першапачаткова, на ўсходзе былі пабудаваныя тры каменныя вежы, а паміж імі збудавалі праслы сцен. На ўчастку паміж Шчытоўкай і паўночна-заходнім вуглом абарончага вала на працягу доўгага часу стаялі драўляныя ўмацаванні. Менавіта ўзвядзенне муроў і вежаў адносяць да першага этапу будаўніцтва Наваградскага замка.

Другі этап будаўніцтва ўмацаванняў Наваградскага замка, які доўжыўся да пачатку XV ст., звязаны з пабудовай Калодзежнай вежы ля падэшвы каменнай гары. Яна будавалася для ліквідацыі праблемы водазабеспячэння горада. Менавіта гэта праблема была ў вялікай ступені вострай, так як выклікала сурʼёзныя праблемы пры ўмовах аблогі Наваградка, калі людзі маглі застацца без доступу да вады. У Наваградскім замку калодзежа не было, аднак на ўсходнім схіле Замкавай гары білі крыніцы. Менавіта на адной з гэтых крыніц і была пабудавана Калодзежная вежа.

Наступны этап будаўніцтва ўмацаванняў Наваградскага замка прыпадае на канец XV-пачатак XVI ст. У 1505 г. татары спрабавалі аблажыць горад, а праз год была яшчэ адна спроба захапіць Наваградак. Аднак, абедзве гэтыя спробы былі правальнымі – Наваградскі замак выстаяў. А выстаяў Наваградскі замак дзякуючы магутнай абарончай канструкцыі.

Складаная знешнепалітычная абстаноўка пачатку XVI ст. абумовіла новы этап будаўніцтва замка. Была збудаваная яшчэ адна каменная вежа – Дазорца. У ніжняй частцы пабудовы былі байніцы, разлічаны на стральбу з гармат. Мяркуючы па значных памерах фундамента, новая вежа па вышыні была роўная цэнтральнай вежы – Шчытоўцы. Таксама была ўзведзена яшчэ адна абарончая вежа, гэта было звязана з агульным паляпшэннем варожай артылерыі.

У выніку руска-польскай вайны (1654 – 1667) замак быў моцна разбураны. А канчаткова ўмацаванні былі разбураныя шведамі ў 1706г.

737