Навукова-практычная канферэнцыя «Памяць продкаў праз музейны свет (Мінулае, сучаснасць і будучыня музеяў пад адкрытым небам)»


7 снежня 2021 г. у 10.00 у будынку Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці (філіял Нацыянальнага гістарычнага музея) пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адбудзецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Памяць продкаў праз музейны свет (Мінулае, сучаснасць і будучыня музеяў пад адкрытым небам)», прысвечаная 45-годдзю з дня ўтварэння Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Яна падводзіць пэўныя вынікі навуковай і практычнай дзейнасці нашага музея за гэты перыяд, паказвае, на якім этапе станаўлення знаходзіцца наша ўстанова. Канферэнцыя дае магчымасць супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту падзяліцца назапашанымі ведамі і досведам.

У канферэнцыі будуць удзельнічаць прадстаўнікі музеяў нашай краіны (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», Музей гісторыі г. Мінска, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа, Музей гісторыі Беларускай чыгункі, Лоеўскі музей бітвы за Днепр), супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, а таксама нашы замежныя калегі з Дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага і этнаграфічнага музея-запаведніка «Кіжы» (Расійская Федэрацыя) і Музея земляробства ім. кс. Кш. Клюка ў Цеханаўцы (Рэспубліка Польшча).

Асноўнымі напрамкамі работы канферэнцыі, якія будуць асвятляцца падчас дыскусій, з'яўляюцца: вывучэнне розных пытанняў музеезнаўства, захоўвання і рэстаўрацыі помнікаў драўлянага дойлідства і музейных прадметаў, аналіз і вывучэнне музейных калекцый, азнаямленне з імі шырокай навуковай грамадскасці.

У апошнія гады для нашага музея асабліва актуалізавалася тэма культурна-адукацыйнай дзейнасці, у прыватнасці пытанні правядзення разнастайных культурна-масавых мерапрыемстваў (музей вядомы сваімі цыкламі этнаграфічных мерапрыемстваў, гістарычных рэканструкцый), аднаўлення традыцыйных абрадаў, складання новых экскурсійных інтэрактыўных праграм, дэманстрацыі розных майстар-класаў і г.д. У рамках канферэнцыі будуць падведзены вынікі культурна-адукацыйнай работы як нашых супрацоўнікаў, так і спецыялістаў з іншых устаноў. Важным напрамкам працы музея з'яўляецца вывучэнне матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў музеях этнаграфічнага профілю. Завершаць канферэнцыю выступленні, прысвечаныя экспедыцыйнай дзейнасці ў 2019–2021 гг.

Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі будзе выдадзены зборнік артыкулаў.

208