Выстава «Смачна есці!» (НЕгастранамічная выстава)


«Смачна есці!» – жадалі адно аднаму беларусы, сядаючы за абедзенны стол. Выстава з такой назвай распачынае сваю працу ў Музеі беларускага кнігадрукавання з 27 лістапада 2021 года.

Ежа на працягу ўсёй гісторыі займала, бадай, самае галоўнае месца ў жыцці чалавека. Ад наяўнасці ежы залежала фізічнае выжыванне. Шмат часу і сілы сыходзіла на вытворчасць прадуктаў харчавання, будзе гэта вырошчванне зерня ці гадаванне жывёлы, на прыгатаванне і нарыхтоўку прыпасаў. Аднак ежа – гэта не толькі прамая фізіялагічная патрэба. Ежа можа расказаць шмат пра чалавека і грамадства, пра яго звычаі і гурманскія густы, бытавыя традыцыі і духоўныя светаўяўленні. Таму рознабаковаму вывучэнню ежы прысвечана не адно даследаванне. Не адзін твор мастацтва натхнёны прыгатаваннем і спажываннем смачных страў.

На выставе прадстаўленыя выданні з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, прысвечаныя ежы ў самым шырокім сэнсе гэтага слова: навуковыя археалагічныя і этнаграфічныя даследаванні, выданні, прысвечаныя традыцыйнай беларускай кухні і розным прадуктам харчавання, кулінарныя кнігі і літаратурна-мастацкія творы пра ежу. Дапаўняюць экспазіцыю археалагічныя матэрыялы і прадметы побыту, звязаныя з прыгатаваннем, захоўваннем і ўжываннем ежы.

Выстава працуе да 6 лютага 2022 года.

Уваход вольны.

923