Дзень музейнага сэлфі


19 студзеня 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялах пройдзе міжнародная акцыя ДЗЕНЬ МУЗЕЙНАГА СЭЛФІ #MuseumSelfieDay. Запрашаем наведвальнікаў далучыцца!

Створаная па ініцыятыве Міжнароднага музейнага праекта Culture Themes у 2014 годзе, акцыя праходзіць штогод кожную трэцюю сераду студзеня. Ідэя яе простая – папулярызаваць музеі і гістарычную спадчыну сярод звычайных людзей у звыклым для іх фармаце. У год гістарычнай памяці удзел у акцыі для айчынных музеяў – добрая магчымасць нагадаць пра сябе і свае гісторыка-культурныя скабры наведвальнікам і грамадскасці.

Як прыняць удзел у акцыі? У чатыры крокі!

Першы крок. 19 студзеня ці напярэдадні завітайце у адзін з нашых музеяў (ці адразу ў некалькі):

#bellitmuseum Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13)

#bagdanovichmuseum Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М.Багдановіча, 7а)

#museum_brovka Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К.Маркса, 30)

#belaruskayahatka Музей “Беларуская хатка” (вул. Рабкораўская, 19)

Другі крок. Зрабіце фота ў прасторы музейных залаў: на фоне ўлюбёных прадметаў, куткоў экспазіцый, побач з выявамі пісьменнікаў і г.д. Таксама залічваюцца сэлфі на фоне будынка музея, з уваходным квітком і г.д. Вітаюцца цікавыя, арыгінальныя, яскравыя фотаздымкі, незвычайныя ракурсы, творчы падыход.

Крок трэці. Размясціце свае аўтапартрэты ў сваіх акаунтах у адной ці некалькіх сацыяльных сетках (Instagram, Facebook, ВКонтакте), пазначыўшы іх хэштэгам канкрэтнага музея (гл.вышэй) і агульнымі хэштэгамі акцыі #MuseumSelfie і #MuseumSelfieDay.

Крок чацвёрты. Пакажыце вашу публікацыю наглядчыку музея і атрымайце цудоўны сувенір за свае старанні.

Прыняць удзел у акцыі можна і без наведвання музея. Калі вы ўжо маеце сэлфі з нашых музеяў, дастаткова 19 студзеня апублікаваць іх на сваіх старонках і пазначыць згаданымі хэштэгамі. Усе публікацыя будуць намі абавязкова адсочаны, а лепшыя з іх адзначаны сувенірамі.

Лепшыя фотаздымкі таксама трапяць у стужкі музейных суполак.

ШЧЫРА ЗАПРАШАЕМ І ДОБРЫХ ВАМ СЭЛФІ!

Дадатковая інфармацыя – па тэл. +375 (17) 363 94 65.

152