Музей традыцыйнага ткацтва Паазер’я  запрашае ўсіх на свята «Багач»


У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю. На вёсцы ў гэты дзень усе жыхары збіраліся талакой, перш за ўсё рабілі Багач — лубок з зернем, у сярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Кожны вясковец па жменьцы прыносіў зерне новага ўраджаю для Багача. Лубок з жытам і запаленай свечкай праносілі па вёсцы.

Потым Багач размяшчалі на покуці хаты тых гаспадароў, якіх грамада ў гэтым годзе абрала лепшымі. Усе гэтыя дзеянні былі скіраваныя на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, плоднасці жывёлы і сямейнага ладу.

На Багача сяляне імкнуліся адпачыць ад гаспадарчай працы: хадзілі адзін да аднаго ў госці, ладзілі кірмаш і гулянні.

Традыцыйна ў свяце прыме ўдзел гурт «Варган»: праспявае ўрачыстыя дажынкавыя песні і зладзіць танцавальную вечарыну. Плануеццца майстар-клас па вырабу лялькі-крупянічка для малых і дарослых. А на панадворку плануецца дзіцячая пляцоўка, дэгустацыя крафтавых сыроў, мёду, гарбата з зёлак і рамесныя сувеніры.

169