Адкрыццё персанальнай выставы аўтарскага тэкстылю Маргарыты Леанідаўны Шчамялёвай «ЛІЧБЫ»

11 лістапада 2022 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбылося адкрыццё персанальнай выставы аўтарскага тэкстылю Маргарыты Леанідаўны Шчамялёвай “ЛІЧБЫ”, прысвечанай юбілею мастака. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў у рамках V трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарт-22”.

Выстава аўтарскага тэкстылю “ЛІЧБЫ” – гэта спроба мастака адрэфлексаваць адначасовую страту траіх блізкіх людзей, пражыць гэты цяжкі час, зафіксаваць моманты болю, радасці ад добрых успамінаў, страху перад жыццём без іх і ўсведамленнем таго, што трэба ісці далей не гледзячы на ўсё – працягнуць свой шлях. Кожная праца – эмацыянальны дзённік стану і шчырая падзяка самой сабе.

Шмат гадоў Маргарыта Шчамялёва працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дацэнтам кафедры касцюма і тэкстылю. Займаецца мастацкім ткацтвам, працуе ва ўнікальнай і складанай тэхніцы ручнога перапляцення нітак на спецыяльнай драўлянай раме. За гады творчасці Маргарыта Леанідаўна стварыла дзясяткі яркіх, арыгінальных работ.

На выставе аўтарскага тэкстылю “ЛІЧБЫ” прадстаўлена больш за 20 работ Маргарыты Шчамялёвай. Мастак шмат эксперыментуе з формай, колерам, фактурай, выкарыстоўвае розныя матэрыялы. Работы асацыятыўныя і заўжды эмацыянальныя, пачуццёвыя. Яркасць і каларыт работ аўтара вядомыя ў Беларусі і за мяжой. 

598