Літаратурна-мастацкая выстава «Казкі з маляванак»


З 28 лютага 2023 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры працуе літаратурна-мастацкая экспазіцыя “Казкі з маляванак”. Выстава з’яўляецца працягам супрацоўніцтва музея і Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Беларускія маляваныя дываны (маляванкі) прызнаны важнай складаючай нацыянальнай культурнай спадчыны сучаснай Беларусі не толькі ў нашай краіне, але і з боку міжнароднага культурнага супольніцтва. Традыцыйнае майстэрства стварэння маляванак Віцебшчыны (беларускага Паазер’я) унесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны, створаны пры фінансавай і кансультацыйнай падтрымцы ЮНЕСКА.

Лейтматыў экспазіцыі “Казкі з маляванак” – беларускі нацыянальны фальклорны тэкст (казкі) у спалучэнні з наіўным выяўленчым мастацтвам – маляванымі дыванамі.

Збор беларускай літаратурнай фальклорнай спадчыны – ці не самы багаты і яскравы сярод усіх еўрапейскіх народаў. Чытаць і перачытваць беларускія казкі, раз-пораз вяртацца да іх – вялікая асалода. Гэтыя нацыянальныя скарбы з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай тэм, сюжэтаў і вобразаў для творцаў самага рознага кшталту – у тым ліку для стваральнікаў маляваных дываноў.

На выставе прадстаўлены маляваныя дываны мастачак Віцебшчыны, а таксама кнігі беларускіх казак з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

У межах выставы плануецца праводзіць практычныя лекторыі па гісторыі і роспісе маляваных дываноў (для мэтавай аўдыторыі, па папярэдніх замовах).

Выстава будзе працаваць па 31 мая 2023 года.

Усіх сардэчна запрашаем!

Куратар выставы – Князева Ірына Расціславаўна.

Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21.

Адрас: г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 13.

1556