Заслаўе – свята, умаляванае ў стагоддзі


Мінуўшчына Заслаўя ўвабрала ў сябе многія стагоддзі беларускай гісторыі. Рагнеда і Ізяслаў – заснавальнікі горада, яны, безумоўна, вельмі важныя для нас, але нельга забываць і пра многіх іншых асобаў, чые лёсы скрыжаваліся з Заслаўем. Гэта неабходна, каб 1035-гадовая гісторыя горада была больш поўнай і адкрытай для нас. Сярод такіх асобаў у розных стагоддзях: Яўнут Гедзімінавіч, Ян Янавіч Глябовіч, Сымон Будны, Антоні Пшаздзецкі ды іншыя. Задума паказаць багацце Заслаўскіх стагоддзяў увасобілася ў выставе жывапісных работ, маляваных дыванкоў, фотаработ, керамічных вырабаў. Ідэя гэтай выставы належыць руплівіцы на ніве Заслаўскай даўніны, шчырай і апантанай даследчыцы – Таццяне Гаранскай. У гэтай справе яе з задавальненнем падтрымаў музей-запаведнік, прадставіўшы для выставы адну з залаў свайго музейна-выставачнага комплекса (вул. Рынкавая, 4), а таксама шэраг прац са сваіх фондаў. Сярод усяго прадстаўленага на выставе Вам сустрэнецца файны новатвор – кніга "Міфы старажытнага Заслаўя". Яе аўтаркай з'яўляецца Анастасія Гаранская, таленавітая дзяўчына, якая імкнецца працягваць справу сваёй бабулі на ніве Заслаўскіх таямніц.
Завітвайце, калі ласка, свята Заслаўскіх стагоддзяў чакае на Вас!

79