Выстава плакатаў 1950-80 гг. «Спорт жыве ў кожным» са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

12 лютага 2010 года ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава плакатаў на спартыўную тэматыку са збору Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь «Спорт жыве ў кожным», якая прысвечана галоўнай падзеі 2010 года – зімнім Алімпійскім гульням у Ванкуверы.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь валодае самым буйным у краіне зборам рэчавых і дакументальных помнікаў, што адносяцца да айчыннай і сусветнай гісторыі і культуры. На сённяшні дзень яго фонды складаюць каля 390 тысяч адзінак захоўвання, толькі ў 2009 годзе музейны збор быў папоўнены яшчэ 15 тысячамі музейных прадметаў.
Калекцыя плакатаў – адна з самых шматлікіх. Яна ахоплівае перыяд ад пачатку XХ стагоддзя па сённяшні дзень. Самыя раннія па часе выдання паступленні – лубочныя плакаты 1914 года выпуску, прысвечаныя падзеям Першай сусветнай вайны. З’яўляючыся яркім адлюстраваннем дзяржаўнай ідэалогіі, палітычны плакат, як ніякі іншы від мастацтва, адлюстроўвае эпоху, дэкларуе галоўнае, падкрэслівае актуальнае для дадзенага часу. Заканамерна, што асноўную частку калекцыі складае савецкі палітычны плакат 1930–1980-х гадоў, што выйшаў у свет у Маскве, Ленінградзе, у выдавецтвах “Фізкультура і спорт”, “Мастацтва”, “Савецкі мастак”. Над выданнем гэтых плакатаў працавалі такія знакамітыя савецкія мастакі, як І.Крупскі, А.Нямухін, Б.Зялінскі, І.Бяліцкі і іншыя. Асаблівы інтарэс уяўляюць плакаты, што ўбачылі свет ў беларускіх выдавецтвах “Полымя” і “Беларусь”. Усяго на выставе экспануецца 18 плакатаў на спартыўную тэматыку.
Арганічны складнік кампазіцыі плаката – тэксты. Па сканчэнню часу яны, разам з яго мастацкім зместам, становяцца гісторыяй. Дастаткова прачытаць заклікі: “Члены ДОСААФ, вучыцеся метка страляць”,”Вучыцеся скакаць на лыжах з трампліну!”, “Яшчэ вышэй падымем майстэрства савецкага футболу!”
Плакаты са збору Нацыянальнага гістарычнага музею Рэспублікі Беларусь экспанаваліся на шматлікіх выставах, ў тым ліку ў шматлікіх арганізацыях і ўстановах. Так, у 2009 годзе Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь з вялікім поспехам прайшла выстава плакатаў прысвечаная 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Тэрмін экспанавання 12.02.2010 – 19.02.2010

1834