Святое вялічка – з чырвоным яічкам.

Святое вялічка – з чырвоным яічкам.
Вялікдзень на Полаччыне
Вялікдзень у праваслаўных -
Гэта свята ўсіх свят -
Святой радасці, пачуццяў,
Урачыстасці парад.
Гэта свята – свята года,
Дзень ажыўшае прыроды,
Дзень, што з сонцам заручоны.

Красавік бярэ сваю назву ад стану прыроды. Менавіта ў красавіку часцей за ўсё адзначаецца галоўнае веснавое свята – Вялікдзень, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. У старажытных славянаў першапачаткова так называлася веснавое свята ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу "вялікіх дзён" палявых работ. Адсюль і назва.
3 прыняццем хрысціянства гэтае свята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц і з'яўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысціянскіх святаў.
7 красавіка ў музеі традыцыйнага ткацтва Паазер'я тэатральным гуртком Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 ім.Ф.Скарыны было прадстаўлена свята «Вялікдзень на Полаччыне». Настаўнікамі і вучнямі ў экспедыцыях па Полацкаму раёну па крупіцах збіраліся традыцыі, звычаі і павер'і святкавання гэтага вялікага для беларусаў свята. Гэтыя даследванні знайшлі сваё адлюстраванне ў вершаваным сцэнарыі мерапрыемства, над якім працавалі Сідаровіч Кацярына Юліянаўна і Пранікава Тамара Юліянаўна.
Гледачамі сталі вучні 7 «А» класа Полацкай дзяржаўнай гімназіі №2, для якіх гэта было вельмі цікава, таму што яны таксама займаюцца вывучэннем народных традыцый. Абноўлены інтэр'ер адной з залаў музея, якая нагадвае сялянскую хату, дае магчымасць кожнаму з прысутных адчуць сябе непасрэдным удзельнікам свята. Наведвальнікі пазнаёміліся з цікавымі велікоднымі звычаямі, якія існавалі на Полаччыне: святочны стол з абавязковымі рытуальнымі стравамі; наведванне хат валачобнікамі з песнямі, ў якіх жадалі гаспадарам плёну на ніве, добрага здароўя, шчаслівай долі; з любімай гульнёй — біткі; з традыцыяй «хрыстасавацца».
Супрацоўнікі музея, Філатава Н.В. і Дамаскіна В.Ф., у сваю чаргу расказалі пра паслявялікодную пару, у час якой народ імкнуўся быць асабліва шчодрым і міласэрдным. Жыла вера, што ад Вялікадня да Ўзнясення (Ушэсця) Ісус Хрыстос ходзіць па зямлі ў вобразе жабрака і ніхто не адважваўся адмовіць тым, хто просіць міласціну. Аўторак на другім тыдні пасля Вялікдня, дзень памінання памёршых — Радаўніца, Дзяды —значная веха ў людской памяці. Свята ўшанавання свайго роду, праяўленне духоўнай пачцівасці да «радзіцеляў», гонару за гістарычную глыбіню радаводаў і яго найбольш вядомых прадаўжальнікаў.
Нам нельга губляць гэтыя традыцыі. Іх трэба захоўваць, прадаўжаць і перадаваць пакаленням.
Хрыстос уваскрос!