Выстаўка “Помніць зямля беларуская” (да 65-годдзя Вялікай Перамогі)

Выстаўка
Помніць зямля беларуская”
(да 65-годдзя Вялікай Перамогі)
01.07. –18. 07.2010

1 ліпеня 2010 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка мастацкіх твораў “Помніць зямля беларуская”, прымеркаваная да 65-годдзя Вялікай Перамогі. Выстаўка арганізавана аб’яднаннем “Традыцыя” Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
На выстаўцы “Помніць зямля беларуская” прадстаўлены творы 21-го мастака, выкананыя ў розных жанрах: сюжэтна-тэматычная карціна, пейзаж, партрэт, нацюрморт. Ініцыятарамі правядзення выстаўкі выступілі вядомыя майстры выяўленчага мастацтва, якія ўваходзяць у аб’яднанне “Традыцыя”: М.Апіёк, У.Уродніч, В.Барабанцаў.
Мастакі аб’яднання ў сваёй творчасці прытрымліваюцца рэалістычных традыцый. Кожны з твораў грунтоўна асэнсаваны аўтарамі, даведзены да максімальнага вырашэння як у кампазіцыйным плане, так і ў каларыстычнай гаме. Галоўным сімвалам развіцця мастакі лічаць наступныя прынцыпы: мастацкая праўда, рэалістычны метад адлюстравання, сцвярджэнне дабра , выяўленне лепшых чалавечых якасцей беларусаў. Яны з павагай адносяцца да традыцыйнага пласту жывапісу і іншых плыняў мастацтва, ставяць сваёй задачай працягваць у новых палотнах тэму гераічнай барацьбы савецкіх воінаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама адлюстроўваць жыццё грамадства, якое будуе сёння новую самастойную дзяржаву, стварае сваю культуру і мастацтва на фундаменце, закладзеным нашымі бацькамі.
Разумеючы меру адказнасці за захаванне традыцыйнага станковага жывапісу, тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, выкананых у рэалістычнай манеры, група мастакоў хацела б звярнуць увагу грамадскасці, што дадзены від творчасці найбольш блізкі да асноў нашай духоўнасці. У групе, у асноўным, сабраліся аднадумцы, якія дзейнічаюць у межах задач, пастаўленых Саюзам мастакоў. Яны – не замкненае кола. Да іх ініцыятывы могуць далучацца ўсе, для каго найперш важнымі з’яўляюцца рэалістычнае мастацтва і грамадзянская пазіцыя.