Выстава “Полацка-Віцебская даўніна. Старонкі мінулага”. Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь

Полацка-Віцебская даўніна. Старонкі мінулага

У 2013 годзе Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Зразумела, што за такі прамежак часу калектывам бібліятэкі сабрана шмат унікальных і рарытэтных дакументаў, якія адлюстроўваюць профільны накірунак установы па праву, эканоміцы, палітыцы. Зацікаўленыя чытачы бібліятэкі заўсёды знаходзяць для сябе шмат карыснай інфармацыі па азначанай тэматыцы. Але збор кніжных каштоўнасцей не абмежаваны толькі гэтымі абласцямі. У фондзе захоўваюцца выданні па разнастайных галінах навук. Пастаянныя чытачы ведаюць, што ў бібліятэцы можна знайсці не толькі папулярныя выданні сучаснага айчыннага і замежнага друку, але і тыя, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Пра адметныя багацці кніжнай скарбніцы сведчыць выставачная дзейнасць бібліятэкі. На працягу многіх гадоў экспазіцыі, змяняючы адна адну, раскрываюць шматграннасць і рознабаковасць фондавых калекцый. На пачатку мая ў бібліятэцы адкрылася выстава “Полацка-Віцебская даўніна. Старонкі мінулага”. На экспазіцыі прадстаўлены дакументы, якія захоўваюцца ў аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Выстава распавядае аб Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, якая працавала ў 1909–1919 гг. Навуковая арганізацыя была створана па ініцыятыве вядомых грамадскіх і навуковых дзеячаў: Е.Р. Раманава, А.П. Сапунова, В.С. Арсеньева. Дзейнасць камісіі спрыяла ахове помнікаў гісторыі і культуры, правядзенню археалагічных раскопак, збору і вывучэнню прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў. Шмат зроблена яе супрацоўнікамі па папулярызацыі гісторыі Віцебскага краю. Сведчаннем з’яўляюцца публікацыі навуковых і папулярных прац па геаграфіі, археалогіі і этнаграфіі.

Архіўныя дакументы, даследчыя працы, а таксама артыкулы аб культурным і грамадскім жыцці ўтрымлівае і выданне “Полацка-Віцебская даўніна”, якое заснавала вучоная архіўная камісія. Зборнік выйшаў толькі ў трох выпусках, якія датуюцца 1911г., 1912 г., 1916 г. адпаведна і ўсе іх можна ўбачыць на выставе. Апублікаваныя ў выданні матэрыялы прыцягваюць увагу не аднаго пакалення даследчыкаў. У зборніку змешчаны працы вядомых навукоўцаў: А.П. Сапунова “Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі”, “Сказанні ісландскіх ці скадынаўскіх саг аб Полацку, Полацкіх князях і р. Заходняй Дзвіне”; Д.С. Леанардава “Полацкі князь Усяслаў і яго час”; П.М. Красавіцкага “Помнікі царкоўнай даўніны ў Віцебскай губерні і іх захаванне”; І.Я. Мітрошанкі “Езуіты ва Усходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года і інш. У выпусках можна знайсці выявы археалагічных і архітэктурных помнікаў Віцебшчыны. На старонках “Полацка-Віцебскай даўніны“ шырока прадстаўлены ўнікальныя дакументы са спраў Віцебскага губернскага архіва, цікавыя матэрыялы з асабістых збораў, дзе закранаюцца падзеі вайны 1812 г.

На выставе таксама прадстаўлены сучасныя выданні, якія прысвечаны Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і з’яўляюцца яркім сведчаннем, што дзейнасць арганізацыі займае важнае месца ў гісторыі развіцця беларускай навукі і культуры.

Святлана Паўлавіцкая,
галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў
Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь
789