УЗГАДВАЮЧЫ ЗАБЫТАЕ. ПАРТЫЗАНСКІ ЛЕТАПІС


МУЗЕЙ БІТВЫ ЗА ДНЕПР

ДЗЯРЖАЎНЫ АРХІЎ ГРАМАДСКІХ АБ'ЯДНАННЯЎ ГРОДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЦІ

 

УЗГАДВАЮЧЫ ЗАБЫТАЕ. ПАРТЫЗАНСКІ ЛЕТАПІС

выставачны праект

 

Калі ідзе гаворка пра Лоеў часоў Другой сусветнай вайны, перад усім узгадваецца Бітва за Днепр, якая і дала назву нашаму музею. Аднак насамрэч падзеі вялікай вайны — франты баявых дзеяў, велічныя баталіі і шматтысячныя вайсковыя аперацыі, за якія атрымлівалі свае ўзнагароды і простыя жаўнеры на перадавой, і генералы з маршаламі, якія ў штабах распрацоўвалі і кіравалі гэтымі самымі аперацыямі, тут на Лоеўшчыне, як і ў большасці месцаў — гэта не самы значны фрагмент гісторыі.

Не самы значны ў тым сэнсе, што і пры панічным адступленні савецкіх войскаў ў сорак першым, і пры вызваленні нашай краіны ў праз колькі гадоў, яны пракотваліся па Лоеўскім краі хваляй і сыходзілі далей. А людзі…

А просты людзі заставаліся тут жыць. Жыць ва ўмовах акупацыі і пасля яе — аднаўляючы родны Лоеўскі край… Хтосьці змагаўся — ішоў у партызаны ці заставаўся на падпольнай рабоце ў самім мястэчку. Хтосьці — супрацоўнічаў з “новымі” ўладамі. А хтосьці — проста жыў.

Усіх іх яднае адно — яны спрабавалі выжыць. Выжыць у тых няпростых умовах. Судзіць іх нам не выпадае — хто б з нас як бы павёў сябе ў тых умовах не вядома…

У выставачным праекце мы толькі паспрабавалі асвятліць некаторыя моманты ваеннага жыцця простых людзей. І не толькі простых.

Сцяпан Дундукоў. Яго кабінет — кабінет дырэктара Гродзенскага абласнога партыйнага архіва, дырэктарам якога ён працаваў пасля вайны, — мы паспрабавалі аднавіць… Нават не столькі аднавіць, колькі стварыць яго вобраз, метафару…

Пагадзіцеся, не просты лёс няпростай асобы… Спрэчны… Партыйны функцыянер і супрацоўнік ГПУ – НКУС, які прайшоў Грамадзянскую вайну — з яе і пачалася ягоная партыйна-энкавэдэшная кар’ера, — нейкі час узначальваў Лоеўскі партызанскі атрад “За Радзіму”…

Якім бы ні быў чалавекам Сцяпан Дундукоў і якія б мы не далі б яму ацэнкі, але праз прызму яго жыцця шмат чаго можна даведацца і зразумець і пра гісторыю Лоева ў Другой сусветнай вайне, і пра тыя ўмовы, у якіх прыйшлося жыць звычайным людзям.

Цікава наведвальнікам выставы будзе азнаёміцца і з дакументамі (адмыслова, каб можна было іх узяць у рукі, былі вырабленыя іх копіі) Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў, якія складаліся ў першыя ж паваенныя гады па гарачых слядах… Дэтальныя апісанні падзей, месцаў, у якіх адбываліся злачынствы, пакажуць увесь той боль, увесь вусціш ваеннага жыцця…

 

У рамках выставачнага праекта “УЗГАДВАЮЧЫ ЗАБЫТАЕ. ПАРТЫЗАНСКІ ЛЕТАПІС” экспануюцца дакументы і музейныя прадметы са збору Музея бітвы за Днепр, архіўныя дакументы (копіі) са збору Дзяржархіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці, дакументы (копіі) Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама дакументы і рэчы з прыватных збораў.

Шмат з якімі з іх насуперак музейнай завядзёнцы можна азнаёміцца. Экспанаты, абазначаныя знакам “КРАНАЦЬ МОЖНА” варта ўзяць у рукі, паглядзець, пачытаць, падумаць…