Выстаўка «Полацкі фотаальбом. 1941-1947 гг. (з музейнага збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка)»

3 ліпеня 2019 года Рэспубліка Беларусь адзначыць 75- годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да знамянальнай даты прымеркавана выстаўка “Полацкі фотаальбом.1941-1947 гг.”
У музейным зборы Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ёсць невялікая калекцыя фотаздымкаў Полацка 1941-1947 гг., самага складанага і трагічнага перыяду ХХ ст. у жыцці горада і краіны.
22 чэрвеня 1941 г. нацысцкая Германія напала на Савецкі Саюз. Нягледзячы на гераічную абарону горада, 16 ліпеня 1941 г. фашысты захапілі Полацк. Пачаўся працяглы і цяжкі перыяд акупацыі.
На выставе прадстаўлены шэраг арыгінальных фатаграфій Полацка, выкананых нямецкімі салдатамі і афіцэрамі ў перыяд акупацыі 1941-1944 гг., некаторыя з якіх экспануюцца ўпершыню. На здымках мінулага стагоддзя не адразу можна пазнаць родны горад: даваенная планіроўка з неіснуючымі цяпер кварталамі, напаўразбураныя будынкі, зраненыя варожымі снарадамі помнікі архітэктуры. На фотаздымках — знакавыя і вядомыя месцы: Мікалаеўскі сабор, Іаана-Багаслоўская царква, Дом Чырвонай Арміі, руіны Дамініканскага касцёла, будынак кінатэатра “Інтэрнацыянал”.
4 ліпеня 1944 г. Полацк быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Акупацыя і ваенныя дзеянні ператварылі яго ў гару развалін. Цалкам была знішчана цэнтральная частка горада, у астатніх раёнах ацалелі невялікія групы драўляных будынкаў. У горадзе не захавалася прамысловых прадпрыемстваў, жыллёвы фонд быў разбураны на 96 %. “Мёртвы, бязлюдны”, — так пісалі журналісты аб Полацку ў ліпені 1944 г.
Фотаздымкі 1944-1947 гг. адлюстроўваюць ступень разбурэнняў гарадской забудовы, першыя суботнікі па расчыстцы вуліц, адкрыццё помніка вызваліцелям Полацка. У экспазіцыі прадстаўлены копіі фотаздымкаў з “Альбома разбурэнняў”, які захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Таксама экспануюцца нешматлікія здымкі пасляваеннага Полацка, выкананыя Мікалаем Пятровічам Глазуновым, галоўным архітэктарам Полацка ў 1946-1969 гг. Дапаўняюць агульную карціну павялічаныя з арыгіналаў 1941-1947 гг. панарамы Полацка і віды знаёмых гарадскіх аб'ектаў.
Запрашаем палачан і гасцей горада наведаць выставу “Полацкі фотоальбом. 1941-1947 гг.” у Музеі беларускага кнігадрукавання з 28 чэрвеня па 1 кастрычнiка 2019 г.