Полацкія музейшчыкі на Дні беларускага пісьменства ў Слоніме

У першую нядзелю верасня Слонім (Гродзенская вобласць) прымаў гасцей Дня беларускага пісьменства. Гэтае свята праводзіцца ў рэспубліцы ўжо ў 26-ты раз. Горад над Шчарай наведалі супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання. Удзел у мерапрыемствах свята пісьменства стаў для іх традыцыйным. Сёлета на Фестывалі сучаснай кнігі і прэсы яны прадставілі выставу кніг-лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі - 2019". Як сам фестываль, так і выстава з Полацка выклікалі жывы інтарэс у жыхароў і гасцей Слоніма, якія імкнуліся пазнаёміцца з лепшымі кнігамі Беларусі і, па магчымасці, у зоне кнігагандлю папоўніць імі ўласныя бібліятэкі. Музейшчыкі з Полацка не толькі прадставілі сваю выставу, але і пазнаёміліся з праектамі сваіх калег: Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнага гістарычнага музея і інш., а таксама наведалі прэзентацыі новых выданняў і твораў беларускіх літаратараў.
У наступным годзе свята беларускай кнігі і слова прымуць Бялынічы (Магілёўская вобласць), дзе нарадзіліся народны мастак Беларусі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, паэт Ігар Шклярэўскі і іншыя знакамітыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва.