Выстава «Позірк мінулага»

У Быхаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі 12 верасня пачынае сваю працу новая выстава "Позірк мінулага". Для наведвальнікаў будуць даступныя 28 прац мастачкі, прадстаўніцы маладзечанскай школы выцінанкі, народнага майстра Рэспублікі Беларусь Лізаветы Чырвонцавай.

Інфармацыйная даведка:

Чарвонцава Лізавета Львоўна - мастачка, выкладчыца, прадстаўніца маладзечанскай школы выцінанкі, народны майстар Рэспублікі Беларусь.

У 1997 г. скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Дыпломны праект “Кола жыцця” быў першай выцінанкай на факультэце “Народныя рамёствы”. Прынята ў Саюз народных майстроў пры Саюзе мастакоў РБ у 1993 г., майстрам народнай творчасці.

З 2002 г. з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстар выцінанкі. Пераняла майстэрства ад маці Чырвонцавай Вікторыі Мікітаўны - педагога многіх беларускіх майстроў выцінанкі і саломапляцення.
Працуе з 1998 г. выкладчыкам на цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К. Агінскага. Зберагае і працягвае развіваць маладзечанскую школу выцінанкі. Падрыхтавала больш за 100 спецыялістаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Пастаянны ўдзельнік (дыпламант і лаўрэат) гарадскіх, раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, плэнэраў і конкурсаў. Выставачную дзейнасць пачала ў 1993 г. (удзел у выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечанай Першаму з'езду беларусаў свету). Персанальныя выставы: 2011 г. “Таямніцы міфаў”, 2013 г. “Традыцыі і сучаснасць” (г. Маладзечна), 2018 г. «Вандроўкі душы” (г. Мінск).
Дзяржаўны стыпендыят у галіне культуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь у 2011 г. - серыя твораў «Беларуская міфалогія».
У 2018 г. атрымала званне народнага майстра Беларусі.

Працы знаходзяцца ў фондах Мінскага абласнога краязнаўчага музея (Беларусь), Дзяржаўнага гісторыка-культурнага запаведніка - музея "Заслаўе" Мінскай вобласці (Беларусь), Дамадзедаўскім Гісторыка-мастацкім музеі Маскоўскай вобласці (Расія), Этнаграфічным музеі-сядзібе Адама Петраўскаса (г.Купішкас, Літва), асабістых калекцыях ў Польшчы, Расіі, Літве, Украіне, Германіі, ЗША, Японіі і інш.