Па старонках падручніка геаграфіі...

29 верасня споўнілася 128 год з дня нараджэння выдатнага дзеяча беларускай навукі, першага прафесара геаграфіі Беларусі Аркадзя Смоліча. #смоліч

2019 год адметны яшчэ і тым, што спаўняецца і 100 год з дня выхаду ў свет яго бліскучага падручніка «Географія Беларусі».

«Вось жа, калі б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кнігу, зацікавіліся сваёй Бацькаўшчынаю, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты». Гэтыя словы, напісаныя ў далекім 1919 годзе нашым земляком Аркадзем Смолічам, аўтарам першага беларускага падручніка «Геаграфія Беларусі», выразілі самую запаветную мару вучонага.

Падручнік быў надрукаваны ў Вільні, у гэтым годзе адзначаецца 100 год з дня выдання. Але і сення цікава пералістаць старонкі бессмяротнай кнігі, каб атрымаць асалоду ад гучання роднай мовы… Як адзначаюць даследчыкі, гэта не проста падручнік, а жывы пранікнены аповед пра беларускую зямлю, яе прыроду, людзей, яе гаспадарку. На думку сучасных вучоных, яшчэ нікому не ўдалося стварыць больш дасканалы падручнік, які з’яўляецца адначасова навуковай працай і паэмай пра родную старонку!

Кніга стваралася ў вельмі цяжкі для краіны, для чалавецтва перыяд. Навокал рушыўся стары свет, старыя парадкі, рушылася жыцце многіх краін, сем’яў, людзей. Аркадзь Смоліч, стомлены вяртаецца дадому, бярэ аркушы паперы, ручку - і нібы перамяшчаецца ў іншы цудоўны свет сваей кнігі. Тут няма вайны і галечы, чалавечага гора і трагедыі. ЁН ПА НАЧАХ ПІША ПРА РОДНУЮ БЕЛАРУСЬ, пра яе прыгажосць, пра яе цудоўных людзей.

Пажоўклыя ад часу старонкі кнігі напоўнены адначасова замілаваннем, болем за будучыню і светлым гумарам. Вось як апісвае Аркадзь Антонавіч
беларускі характар: «Беларус добры гаспадар, шануе капейку, а крыху можа і скупаваты. Гэта не перашкаджае, аднак, яму быць вельмі гасцінным… Падарожнага ў беларускай хаце вельмі ахвотна прыймуць, накормяць, і не толькі ня возьмуць за гэта платы, але яшчэ й падзякуюць, што зайшоў…»

Аркадзь Антонавіч пражыў усяго 47 гадоў. У чэрвені 1938 г. ен быў расстраляны у Омскай турме як «вораг народа». Але за свае кроткае жыцце ён зрабіў для беларускай навукі, культуры, этнаграфіі, гісторыі столькі, што хапіла б на некалькі чалавечых лесаў. Першы прафесар геаграфіі Беларусі, народны сакратар асветы і намеснік старшыні Рады БНР, стваральнік і старшыня Беларускага цэнтральнага бюро краязнаўства і рэдактар газеты «Грамада», прафесар Беларускага Дзяржаўнага універсітэта і таленавіты выкладчык, аўтар першага беларускага падручніка «Геаграфія Беларусі» — усе гэта ён, Аркадзь Антонавіч Смоліч.

Нават калі б наш зямляк стварыў толькі адзін падручнік па геаграфіі Беларусі, ен увайшоў бы ў гісторыю беларускай навукі. Гэта быў універсальны чалавек, у якім спалучаліся таленты вучонага, бліскучага эканаміста, пісьменніка і паэта (ен напісаў драму «Хай будзе згода», спрабаваў пісаць вершы). А яшчэ ён быў надзейным сябрам і добрым сем’янінам. Сваё каханне да жонкі, Аляксандры Ігнатаўны, «любай Алесі», ён пранёс праз усе пакуты, усе выпрабаванні. І гэта каханне, і любоў да роднай Беларусі давала магутныя сілы, рабіла яго больш мужным, мацнейшым за тых хто ў летнюю чэрвеньскую ноч 1938 года вёў яго як «ворага народа» на расстрэл…

У 1991 годзе родзічы Аркадзя Смоліча перадалі ў раенны краязнаўчы музей некалькі дакументаў і рэчаў вучонага. Адзін з самых каштоўных рарытэтаў — гэта «Геаграфія Беларусі»з дарункавым надпісам. І вось цяпер, у гэтыя вераснеўскія дні, калі адзначаецца дзень нараджэння Смоліча і час нараджэння яго кнігі, музей праводзіць тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя славутаму земляку.

Падручнік Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі» пералісталі старшакласнікі клічаўскіх школ. Разам з навуковым супрацоўнікам музея дзесяцікласнікі успомнілі, як выкоўваўся талент бліскучага эканаміста, дзяржаўнага дзеяча, вучонага Аркадзя Смоліча, пашкадавалі, што нідзе не засталося ніякіх слядоў яго пахавання, зрабілі невялікае падарожжа па старонках кнігі і пераканаліся, што найлепшым помнікам вучонаму будзе наша светлая і ўдзячная памяць!

Л. Ачыновіч, ст. навуковы супрацоўнік музея