Свята «Каласавіны» прайшло ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшло традыцыйнае свята «Каласавіны».

1 лістапада адбылася XXXIII Міжнародная навуковая канферэнцыя «Каласавіны-2019», прысвечаная 75-годдзю вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 60-годдзю Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Удзельнікамі навуковай падзеі сталі вядучыя вучоныя Беларусі і замежжа.

На пленарным пасяджэнні выступілі доктар філалагічных навук, дацэнт Яўген Андрэевіч Гарадніцкі, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» з грунтоўным дакладам «Новая зямля» і «Сымон-музыка» Якуба Коласа: параўнальны аналіз наратываў», прафесар кафедры беларускай і рускай моў БДЭУ, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксей Міхайлавіч Ненадавец з дакладам «Тэма рыбалоўства ў творчасці Якуба Коласа», а таксама прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі з даследаваннем «Станаўленне сеткі літаратурных музеяў БССР. 1939-1991 гг.»

У навуковай канферэнцыі прынялі ўдзел амаль 30 знаных вучоных-коласаведаў, праца была арганізавана па трох секцыях, дзе абмяркоўваліся важныя і цікавыя літаратуразнаўчыя, мовазнаўчыя, а таксама музеязнаўчыя тэмы.

818