Спорт у Полацку: як гэта было...

Першыя спартыўныя арганізацыі з'явіліся ў Полацку яшчэ ў 1919 г. Аднак сур'ёзнае развіццё фізкультура і спорт атрымалі ў горадзе толькі ў 1921-1922 г. У адпаведнасці з савецкім дэкрэтам “Аб абавязковым навучанні ваеннаму майстэрству” ваеннай адукацыяй і выхаваннем фізічнай культуры сярод моладзі займаўся Полацкі павятовы ваенкамат. Кіравалі гэтай працай таварышы Малахоўскі і Марковіч (імёны не ўстаноўленыя). З юнакоў ва ўзросце да 18 гадоў быў створаны ўзорны ўзвод. Яго заняткі праходзілі з аўторка па пятніцў на плошчы Свабоды або на спортпляцоўцы каля гарадскога валу. Пачыналіся яны раніцай і працягваліся дзве гадзіны.

У Полацку ў гэты час былі дзве футбольныя каманды - дапрызыўнікаў і 43-х аб'яднаных курсаў чырвоных камандзіраў, якія часта дэманстравалі сваё майстэрства гараджанам. Пасля гульні для балельшчыкаў арганізоўваўся канцэрт з удзелам духавога аркестра. Праводзіліся ў Полацку і масавыя мерапрыемствы з удзелам спартсменаў з іншых рэгіёнаў. На спартыўнай вечарыне ў зале “Народнага дома” прысутнічалі каля 400 аматараў спорту. Там выступалі ўдзельнікі Віцебскага ўзорнага ўзвода дапрызыўнікаў і Полацкага спартыўнага гуртка “Арыён”. Самым масавым відам спорту ў горадзе стала “сакольская гімнастыка”, у якую ўваходзілі выкананне практыкаванняў з прадметамі, на спартыўных снарадах і будаўніцтва пірамід.

Было зарэгістравана ў Полацку і настаўніцкае спартыўнае таварыства “Звезда”. Спартыўныя арганізацыі горада сутыкнуліся з шэрагам праблем: недахопам спартыўнага інвентару і месцаў для правядзення заняткаў, адсутнасцю або непрафесіяналізмам спортінструктараў. З трынаццаці інструктараў толькі чацвёра маглі якасна выконваць свае абавязкі, астатнія адносіліся “без особой любви к идее физического воспитания”. Чатырохгадовы спартыўны стаж мелі ўсяго два інструктары - Арон Зінгер і Уладзімір Савіч.

У.П. Савіч узначаліў першы Полацкі спартыўны клуб “Спорт”, створаны восенню 1922 г. На агульным сходзе, дзе прысутнічалі каля 70 спартсменаў, быў зацверджаны Статут арганізацыі, выбраны камітэт і рэвізійная камісія. 49 юнакоў і дзяўчат сталі членами клуба, а больш 20 - яго кандыдатамі. Для ўступлення ў клуб неабходна было прадаставіць дзве рэкамендацыі і ўнесці членскі ўзнос у памеры 50 рублёў. Дзеці да 14 гадоў, навучэнцы, рабочыя і сяляне прымаліся ў клуб на бясплатнай аснове.

Сёння ў экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены некалькі фотаздымкаў сярэдзіны 1920-х гг., на якіх адлюстраваны члены спартыўнага клуба “Спорт”: Міхаіл Адухоўскі, Леба Шварц, Рыва Прогер, Міхаіл Шлейфман, Іда Рубашкіна, Рыва Ліпкіна і інш.

Развіццё фізкультуры і спорту ў Полацку ў 1920-я гг. спрыяла не толькі ўмацаванню здароўя моладзі горада, але і дасягненню высокіх вынікаў на спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню ў больш позні перыяд.

1022