Матэрыялы круглага стала "Камунікатыўныя практыкі актуалізацыі помнікаў кніжнай культуры"

Сёння, 10 верасня, навукова-даследчая і асветная ўстанова культуры "Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік" праводзіць круглы стол "Камунікатыўныя практыкі актуалізацыі помнікаў кніжнай культуры", прысвечаны 30-годдзю Музея беларускага кнігадрукавання. Суправаджаць святкаванне юбілеяў музея навуковымі мерапрыемствамі стала ўжо традыцыяй. Так, да 20-годдзя музея (9 верасня 2015 г.) былі прымеркаваны "Скарынаўскія чытанні", удзельнікі якога закранулі тэмы асобы і ўплыву Францыска Скарыны, эпохі, у якую давялося жыць і працаваць гуманісту, гісторыі горада, дзе нарадзіўся славуты першадрукар. Падчас святкавання 25-годдзя Музея беларускага кнігадрукавання (10 верасня 2015 г.) быў праведзены круглы стол "Кніжная спадчына ў музейным адлюстраванні", удзельнікі якога абмяркоўвалі праблемы збірання, захавання, вывучэння і папулярызацыі кніжнай спадчыны Беларусі, абменьваліся вопытам і сваімі напрацоўкамі ў вырашэнні азначаных праблем. З вынікамі вышэйзгаданых канферэнцый можна пазнаёміцца на сайце запаведніка: http://polotsk.museum.by/be/node/32284.

На гэты раз мэтай правядзення круглага стала стаў абмен вопытам, абмеркаванне праблем і вылучэнне перспектыў традыцыйных і інавацыйных падыходаў да камунікацыі "кніга — чалавек". Да ўдзелу былі запрошаны супрацоўнікі музеяў, бібліятэк, архіваў, навуковых і адукацыйных устаноў. На жаль, 2020 год аказаўся няпросты для ўсіх нас, асабістыя сустрэчы былі абмежаваны да мінімуму, таму задуманы круглы стол вырашана было правесці ў завочным фармаце. У ім прынялі ўдзел даследчыкі з Мінска, Полацка, а таксама Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева і Будапешта. Былі дасланы даклады, прысвечаныя, гісторыі кнігі і кнігадрукавання, беларускім, рускім і яўрэйскім кнігам, спосабу іх экспанавання і вопыту працы з імі. У тым ліку разглядаюцца нашы рарытэты, якія сёння захоўваюцца ў Венгрыі. Закранулі ўдзельнікі і тэарэтычныя аспекты, прааналізаваўшы само паняцце "камунікатыўныя практыкі" ў дачыненні да кніжнай справы. Даследуецца таксама сістэма прыёмаў працы з тэкстам на школьных занятках.

Сёння мы публікуем дасланыя тэзісы выступленняў і прэзентацыі ўдзельнікаў круглага стала. Пазнаёміцца з імі можна па спасылцы: http://book.polotsk.museum.by/be/node/51722.

181