Іван ШАМЯКІН. Аўтограф у гісторыі / выстава аўтографаў Івана Шамякіна, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння пісьменніка


З 28 студзеня ў Музеі бітвы за Днепр пачала работу выстава аўтографаў Івана Шамякіна “Іван Шамякін. Аўтограф у гісторыі”, прысвечаная 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР.

У экспазіцыі прадстаўленыя выданні твораў Івана Шамякіна з аўтографамі, якія аўтар пакінуў на памяць жыхарам Лоева і сваякам падчас сустрэч ў гарадскім пасёлку.

Самым рарытэтным прадметам, які дэманструецца з фондаў Музея, з’яўляецца фотаздымак 1956 г., зроблены пасля сустрэчы пісьменнікаў і паэтаў з жыхарамі Лоева. Сустрэча мела велізарны поспех: лоеўская газета “Серп і молат” пісала, што раённы Дом культуры быў перапоўнены аматарамі і прыхільнікамі творчасці пісьменнікаў. На фотаздымку можна ўбачыць маладых Міхася Калачынскага, Піліпа Пястрака, Івана Шамякіна, Міколу Нагнібеду і Анатоля Вялюгіна.

На выставе таксама дэманструецца і рарытэтная кніга Івана Шамякіна “Апавяданні” (1952), падпісаная лаяўцу Івану Германенку, ветэрану вайны.

Вялікую калекцыю прадстаўляюць выданні з аўтографамі народнага пісьменніка БССР і зычэннямі да лоеўскіх сваякоў. Сямейныя сувязі і адносіны з Іванам Шамякіным былі вельмі цёплыя і шчырыя. Нягледзячы на сваю занятасць, пры кожнай магчымасці, пачынаючы з 1960-х да 2000-х гадоў пісьменнік дараваў экзэмпляр новавыдадзенага твору сваякам з Лоева. Сярод іх, на выставе дэманструюцца: “Сэрца на далоні” – 1964 года выдання, “Первый генерал” – 1971 года выдання, “Атланты і карыятыды” – 1974-1975 года выдання і іншыя.

Дапоўнілі выставу архіўныя матэрыялы з перыядычных выданняў, фотаздымкі і ілюстрацыйны матэрыял.

Падчас выставы наведвальнікам прадстаўляецца магчымасць паглядзець экранізаваныя творы Івана Шамякіна.

Выставу можна наведаць да сакавіка.

 

 

206