Да 90-годдзя з дня нараджэння Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага

Да 90-годдзя з дня нараджэння Мікалая Лаўрэнцьевіча Несцярэўскага
Патрыярх беларускага мастацтва

Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі – вядомы беларускі мастак, кераміст, жывапісец, скульптар, член Беларускага саюза мастакоў. Нарадзіўся ён 31 сакавіка 1931 гады ў вёсцы Бацюты Беластоцкага ваяводства (Польшча). Любоў да сваёй малой радзімы Мікалай Лаўрэнцьевіч пранёс праз усё жыццё і прысвяціў сваёй роднай вёсцы паэму "Бацюты".

Мастак паходзіць з сям'і беларускіх сялян праваслаўнага веравызнання. Бацька Лаўрэнцій Маркавіч Несцярэўскі – хлебароб, маці Анастасія Лявонцьеўна – хатняя гаспадыня. У сям'і было трое дзяцей: Мікалай, Вольга і Галіна. На момант нараджэння  Мікалая сям'я жыла заможна: мелі 25 гектараў зямлі (18 – ворнай, астатнія – лугі і сенажаці), былі коні, каровы, свінні, куры, гусі.

У 1938 годзе памёр  бацька. Усе клопаты па хатняй гаспадарцы ляглі на плечы сямігадовага Міколы і маці. Хлопчык рана навучыўся касіць траву, араць зямлю, сеяць жыта, збіраць ураджай. У верасні 1939 года, калі пачалася Другая сусветная вайна, немцы акупавалі Польшчу, потым на Беласточчыну прыйшлі войскі Чырвонай Арміі, а ў чэрвені 1941 года – зноў нямецка-фашысцкія акупанты. Вучыцца не было магчымасці – школы не працавалі. Пасля заканчэння вайны сям'ю Несцярэўскіх, як і тысячы этнічных беларусаў, прымусова вывезлі ў Беларусь – у мястэчка Дзятлава Гродзенскай вобласці.

У 1947 годзе Мікалай Несцярэўскі пачаў працаваць вучнем, потым цесляром у арцелі "Чырвоны Кастрычнік" і адначасова вучыўся ў Дзятлаўскай вячэрняй школе рабочай моладзі. У 1953-1955 гадах працаваў майстрам сталярнага цэха Дзятлаўскага раённага прамкамбіната. У гэты час Мікалай Лаўрэнцьевіч актыўна ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці: іграў у духавым аркестры, спяваў у хоры, танцаваў, рабіў першыя крокі ў выяўленчым мастацтве. З 1955 – інструктар Дзятлаўскага раённага дома культуры. У гэтым жа годзе паступіў на завочнае аддзяленне Гродзенскага культасветвучылішчы па спецыяльнасці арганізатар-метадыст клубнай работы. Скончыў вучылішча ў 1959 годзе.

У 1959-1962 гадах Несцярэўскі працаваў мастаком-афарміцелем у Дзятлаўскім раённым прамкамбінаце. У гэты час ён завочна паступіў вучыцца ў Маскоўскі інстытут мясцовай прамысловасці на аддзяленне "мастацкая кераміка".

У 1962-1963 гадах Мікалай Лаўрэнцьевіч – настаўнік працы, малявання і чарчэння Дзятлаўскай СШ. У 1963-1965 гадах – галоўны мастак івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі (Валожынскі раён).

У 1965 годзе ён перавёўся вучыцца з Маскоўскага інстытута мясцовай прамысловасці ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне, якое скончыў у 1969 годзе. Дыпломную працу Мікалай Лаўрэнцьевіч выканаў на "выдатна" і атрымаў спецыяльнасць "мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва". У 1966-1969 гадах працаваў у Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце вучэбным майстрам мастацкай керамікі. У 1969 - 1991 гадах мастак працаваў на Мінскім мастацка-прамысловым камбінаце. У 1991 годзе выйшаў на пенсію.

Мікалай Несцярэўскі працуе ў галіне выяўленчага мастацтва, мастацкай керамікі (у асноўным шамот і тэракота), паркавай скульптуры, афармлення інтэр'ераў грамадскіх будынкаў. Значнае месца ў творчасці мастака займаюць матывы народнага жыцця, вясковага побыту, гульняў, сельскагаспадарчай працы.

У 1995 годзе выканаў ўзоры: капітэлі, пілястры, кранштэйны, разеткі, карнізы і іншыя ўпрыгожванні – для рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У суаўтарстве з мастаком В. І. Квасовам стварыў тры помнікі (скульптурныя барэльефы) савецкім воінам і партызанам у Валожынскім і Стаўбцоўскім раёнах Мінскай вобласці.

Створаны ім таксама керамічныя партрэты (медальёны, плакеткі) знакамітых асоб старажытнай Беларусі, вядомых і знакамітых людзей Дзятлаўшчыны.

Мастацкія творы Н. Л. Несцярэўскага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім саюзе мастакоў, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі (пераважная большасць яго твораў), Старадарожскім музеі выяўленчага мастацтва, у прыватных зборах Польшчы і Венесуэлы. Работы перыядычна экспануюцца.

Многія дэкаратыўныя талеркі, вазы, наборы посуду і іншыя прыгожыя і незвычайныя дробязі, створаныя мастаком, упрыгожваюць побыт людзей і радуюць іх.

Н. Л. Несцярэўскі – член Беларускага саюза мастакоў, быў членам Саюза мастакоў СССР, удзельнік выстаў з 1969 года. У 1991, 1996, 2001, 2006 г, 2011 гадах у Палацы мастацтваў (Мінск, вуліца Казлова, 3) і ў Дзятлаўскім музеі праходзілі яго юбілейныя выставы.

Н. Л. Несцярэўскі – патрыярх беларускага мастацтва, адзін са стваральнікаў новага кірунку і стылю ў беларускім выяўленчым мастацтве – нацыянальна-гістарычнага. У Беларусі такога асобнага, самастойнага напрамку раней не было. Гэты напрамак у нашай краіне ў той час забараняўся, вынішчаўся і замоўчваўся.

Мікалаю Несцярэўскаму сваімі творамі ўдалося выйсці за межы забароненага, забытага, схаванага. Гэты напрамак неўзабаве падхапілі маладыя беларускія мастакі і зрабілі яго прыдатным для выкарыстання беларускімі пісьменнікамі, паэтамі, гісторыкамі, культуролагамі, артыстамі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі Беларусі, беларускай дыяспарай ў многіх краінах свету.

Па слядах свайго бацькі пайшлі і яго сыны – Сяргей і Аляксандр.

Мікалай Лаўрэнцьевіч – незвычайны чалавек. У свае 90 год ён імкнецца тварыць, рухацца наперад, планаваць новыя выставы і сустрэчы. І хоць здароўе часам падводзіць, ён не здаецца абставінам і часу, а заўсёды сцвярджае “Я яшчэ не ўсё зрабіў!”. Толькі так і не іначай! Здароўя моцнага і творчых планаў нашаму знакамітаму мэтру.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

721