Як яно было: пасляваеннае перасяленне беларусаў вачамі сведкі

Ціхановіч Веру Іосіфаўну ведаю даўно, яшчэ з пачатку 2000-х, калі замест другой школы адчынілася гімназія №1 г.Дзятлава. Тады ў лютым 2004 года калектыў гімназіі і прафсаюзны камітэт запрасілі на сустрэчу настаўнікаў-ветэранаў другой школы, таму што было вырашана: паколькі другой школы няма, гімназія павінна працягваць яе традыцыі, запрашаць выпускнікоў, настаўнікаў, адзначаць юбілейныя даты.

Сярод тых, хто прыйшоў на сустрэчу, была і Вера Іосіфаўна – бадзёрая, сімпатычная жанчына, акуратна апранутая, падцягнутая. Пасля той сустрэчы яна была частым госцем гімназіі, мой клас узяў шэфства над ёй як ветэранам працы, віншаваў са святамі, рабяты насілі былой настаўніцы невялічкія сувеніры, кветкі. Пасля першай сустрэчы мы сталі вітацца, зрэдчас размаўляць, бо кожны дзень праходжу некалькі разоў каля хаты Веры Іосіфаўны па дарозе на працу і дадому. І заўсёды здзіўляюся руплівасці гэтай жанчыны, яе любові да зямлі, кветак, працы ў агародзе. У яе ідэальная чысціня на падворку, а перад вокнамі – каляровы акіян. Вера Іосіфаўна любіць дзяліцца сваімі набыткамі з такімі ж аматарамі кветак, як і сама – насеннем, цыбулінамі цюльпанаў, першымі вясновымі фіялкамі.

А вось пагаварыць па шчырасці давялося толькі нядаўна, калі даведалася ад Ляўкевіч Лідзіі Андрэеўны, таксама былой настаўніцы другой школы, пра тое, што сям’я Веры Ціхановіч – пасляваенныя перасяленцы з Беластоцкага вобласці.

Вера Калодка (Ціхановіч па мужу) нарадзілася ў вёсцы Зачарляны, што за дванаццаць кіламетраў ад Беластока, 9 студзеня 1935 года. Яшчэ і сёння помніць назвы навакольных вёсак – Бацюты, Завады, Гаёўнікі, Харошч, Старасельцы. Між іншым, з вёскі Бацюты паходзіў Мікалай Несцярэўскі, наш знакаміты зямляк, мастак-кераміст. Тата Іосіф (Юзік) і маці Марыя (у дзявоцтве Грынаш) – сяляне. Мелі некалькі невялікіх кавалкаў зямлі, з якой і жылі. Жылі ў той мясцовасці страдвеку, былі беларусамі праваслаўнага веравызнання. У сям’і нарадзілася трое дзяцей: Петр, Вера і Ліда. Вера – сярэдняя.

Калі пачалася вайна з фашыстамі, іх вёска жыла звычайным жыццём – аралі зямлю, вырошчвалі хлеб, гадавалі дзяцей. Маленькая Вера запомніла, ды і мама расказвала потым, што немцы былі ў вёсцы праездам, усяго некалькі дзён, а потым іх ніхто і не бачыў. Вера Іосіфаўна толькі добра запомніла Дзень Перамогі, менавіта 9 мая, калі праз іх вёску праехала машына з савецкімі салдатамі і над ёй лунаў чырвоны сцяг. І жыццё працягвалася, як звычайна. Яшчэ з год, да сярэдзіны 1946-га.

Гістарычная даведка

9 верасня 1944 г. паміж урадамі БССР і Польскім камітэтам Нацыянальнага вызвалення было падпісана пагадненне аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзян, якія мелі польскае грамадзянства да 17 верасня 1939 г., з тэрыторыі БССР на падставе рашэнняў Тэгеранскай (1943 г.) і Ялцінскай (1945 г.) канферэнцый аб новай мяжы паміж СССР і Польшчай.

У адпаведнасці з гэтым пагадненнем для яго практычнага ажыццяўлення абодва бакі стварылі спецыяльныя апараты Галоўных Упаўнаважаных і Галоўных Прадстаўнікоў. Апарат Галоўнага Упаўнаважанага БССР размяшчаўся ў г. Беластоку, а польскага – у Баранавічах.

Першапачаткова меркавалася завяршыць перамяшчэнне беларускага і польскага насельніцтва на 1 лютага 1945 г., аднак потым тэрмін рэгістрацыі і эвакуацыі быў працягнуты да 15 чэрвеня 1946 г.

Перасяленне 1946 года абрынулася на жыхароў беларускай вёскі Зачарляны і навакольных вёсак страшнай весткай. Гэта было шокам – пакінуць хату, абжытае месца, частку набыткаў, рушыць у дарогу невядома куды. А што там? Ды яшчэ на руках трое дзяцей. Аднак сітуацыя складалася трывожная. Актывізаваліся польскія нацыяналісты, якія не толькі абіралі праваслаўных беларусаў, але і забівалі ні ў чым не вінаватых людзей, у большасці мужчын. Прыходзілі да праваслаўных ноччу ў масках, каб ніхто не пазнаў, загружалі на воз самае каштоўнае, забіралі жывёлу і прымушалі гаспадара везці маёмасць у лес. Жонкі лямантавалі, станавіліся на калені, прасілі не чапаць мужчын, але адказ быў адзін: “Няхай пані не хвалюецца, муж хутка вернецца.” Вярталіся ж адзінкі, астатнія знікалі бясследна.

Вера Іосіфаўна расказала два выпадкі, якія добра помніць. Яны здарыліся з яе аднавяскоўцамі. Аднойчы ноччу забралі разам з маёмасцю іх аднавяскоўца, абяцалі, што адпусцяць, але прайшоў тыдзень, другі – мужчына не вярнуўся. І толькі праз некаторы час яго цела знайшлі на ўскрайку лесу, яно было прыхавана пад ссечаным бярозавым галлём. Галлё пачало вянуць, і людзі зачапілі яго, пацягнулі. Спачатку заўважылі руку, а потым і самога мужчыну. Яго пазналі па адзенні.

Другі ж выпадак быў яшчэ страшнейшы, дзяўчынка бачыла ўсё на свае вочы. Забралі ў маці адзінага сына, прымусілі таксама ехаць з нарабаваным у лес. Хлопец заўпарціўся, і яго застрэлілі на вачах у маці. Маці пачала лямантаваць, кідацца ў роспачы, тады бандыты забілі і яе. Вера з іншымі аднавяскоўцамі хадзіла на пахаванне і запомніла на ўсё жыццё дзве труны, якія стаялі ў адной хаце – маці і сына.

Кожны дзень прыходзілі новыя страшныя навіны: то ў той вёсцы забілі знаёмага, то ў іншай. І тады бацька вырашае – трэба ехаць. Пакавалі ўсё, што можна: асабістыя рэчы, хатняе начынне, мэблю, бралі з сабой жывёлу і нават сена ў цюках. Бацька перанёс перасяленне лягчэй – узяў на сябе рашэнне і адказнасць за сям’ю, таму трымаўся, а вось маці. Яна так і не прывыкла потым да новага месца, рана сышла ў лепшы свет, усяго ў сорак сем гадоў.

Адпраўляліся з Беластока цягнікамі. Кожнай сям’і выдзялялі частку вагона, куды можна было скласці свой набытак, паставіць жывёлу. Так даехалі да Наваельні. Людзі ехалі проста ў белы свет, спадзеючыся, што неяк прыстасуюцца, што іх не кінуць улады, выдзеляць нейкае жытло. Сыходзілі некаторыя у Баранавічах, а вось жыхары іх вёскі даехалі да Наваельні. Тут ім сказалі, што ўсе будуць размешчаны ў Дзятлаве.

Так Калодкі апынуліся на вуліцы Чапаева. У хаце размясцілі аж тры сям’і, ім дастаўся толькі адзін пакой, бо жылля не хапала. Выкарыстоўвалі для перасяленцаў тыя хаты, што пакінулі палякі, якія накіраваліся на гістарычную радзіму. Вера Іосіфаўна запомніла, што гэта была хата Савоняў.

Паступова жыццё наладжвалася, Вера пайшла ў школу. Школа знаходзілася ў сучасным гарадскім парку. Гэта быў невялікі будынак, там яна вучылася некалькі гадоў, а вось скончыла школу ўжо ў будынку сучаснай школы мастацтваў. Потым было паступленне ў Гродзенскі педагагічны інстытут, ранняе замужжа, праца ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры. З мужам ёй пашанцавала, жылі дружна, мелі двух сыноў – Іосіфа і Юру. Муж быў аграномам, доўгі час сям’я жыла і працавала ў Нагародавічах, пазней пераехалі ў Дзятлава. Аднак і Веру Іосіфаўну не абмінуў цяжкі лёс – яна страціла сына Юру, які служыў у Германіі, атрымаў на службе высокую дозу радыяцыі і праз год памёр. Рана пакінуў яе і муж – памёр ад анкалогіі ў 57 гадоў.

Зараз Вера Іосіфаўна жыве адна, паціху спраўляецца з хатнімі клопатамі, рупіцца на агародзе. Часта прыязджае сын Іосіф, які жыве ў Гродна, дапамагае, падтрымлівае матэрыяльна. А доўгімі зімовымі начамі жанчына ўспамінае сваё маленцтва і юнацтва, тыя далёкія пасляваенныя гады, калі жыццё павярнулася зусім у іншы кірунак. Ні пра што не шкадуе. Што было, тое было, лёс свой чалавек не можа змяніць. Але, гледзячы тэлевізар, абураецца і  заўсёды згаджаецца з думкай, што нельга дапусціць паўтарэння тых часоў, калі людзі забівалі адзін аднаго па прычыне рознай нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасць. На беларускай зямлі такое дапусціць нельга.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

698