Да гадавіны Вялікай Перамогі: Дзятлаўскае падполле

Да гадавіны Вялікай Перамогі     

 Дзятлаўскае падполле

Узаемная падтрымка

(з успамінаў члена Дзятлаўскага падпольнага райкама ВКП(б) Я.І.Момата)

Ішоў другі год Вялікай Айчыннай вайны. З кожным месяцам усё шырэй і шырэй разгортвалася полымя ўсенароднай партызанскай барацьбы.

У ліпені 1943 года да нас прыбыў сакратар Шчучынскага міжрайпартцэнтра Сцяпан Пятровіч Шупеня. Ён падрабязна пазнаёміўся з лікавым складам партыйных арганізацый. Да гэтага часу только ў атрадзе “Барацьба” было 12 членаў і 26 кандыдатаў у члены ВКП(б). Сярод партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, налічвалася 55 камуністаў. Упаўнаважаны падпольнага абкама партыі і міжрайпартцэнтра прапанаваў камісару Рыгору Васільевічу Макараву пачаць стварэнне падпольнага райкама партыі.

20 жніўня 1943 года на сходзе камуністаў яны прапанавалі кандыдатуры ў склад свайго кіруючага партыйнага органа. У склад падпольнага райкама ВКП(б) уваходзілі Р.В.Макараў, А.А.Шурупчанка і Я.І.Момат. Сакратаром падпольнага райкама партыі з’яўляўся Р.В.Макараў, камуніст з 1927 года, у шэрагах Чырвонай Арміі служыў батальённым камісарам. Ён меў вялікі вопыт партыйна-палітычнай работы. Баранавіцкі падпольны абкам партыі зацвердзіў склад Дзятлаўскага райкама 30 жніўня 1943 года.

У снежні 1943 года члены падпольнага райкама партыі зацвердзілі сакратара падпольнага райкама камсамола І.М.Глазкова. У такім складзе дзятлаўскі падпольны партыйны орган дзейнічаў да поўнага вызвалення раёна ад фашысцкіх захопнікаў і злучэння з Чырвонай Арміяй.

20 жніўня 1943 года адбылося першае паседжанне Дзятлаўскага падпольнага райкама КПБ. Перш за ўсё вырашылі аб’явіць пра стварэннее падпольнага партыйнага органа. Акрамя таго на паседжанні абмеркавалі пытанні аб прыёме кандыдатамі ў члены ВКП(б) лепшых байцоў, аб узмацненні палітычна-выхаваўчай работы.  Сакратар і члены райкама партыі пасля выступалі з паведамленнямі па абмеркаваных пытаннях на сходах у партызанскіх атрадах, якія дыслацыраваліся ў Дзятлаўскім раёне.

На многіх паседжаннях падпольнага райкама партыі праводзіўся прыём лепшых партызан і партызанак у кандыдаты і члены ВКП(б). Звычайна гэта рабілася наступным чынам: падбіраліся лепшыя людзі для прыёму, праводзіліся індывідуальныя бяседы з імі.  Затым партызаны пісалі заяву з просьбай аб прыёме іх у партыю. Той, хто меў права, даваў ім рэкамендацыю для паступлення ў члены або кандыдаты партыі. За ўвесь час работы падпольнага райкама КПБ(б) было прынята ў кандыдаты і ў члены ВКП(б) каля 40 чалавек.

На адным з паседжанняў райкама КПБ(б) было ўдзелена шмат увагі абмеркаванню пытання аб узмацненні палітычнай работы сярод насельніцтва, заахвочванні да ўступлення ў рады партызан сельскай моладзі. У кожнай вёсцы раёна ў падпольшчыкаў былі сувязныя, якія паведамлялі навіны з месца. Сваіх сувязных падпольшчыкі забяспечвалі лістоўкамі Савінфармбюро.

Восенню 1943 года Шчучынскі падпольны міжрайпартцэнтр прапанаваў усім падпольным партыйным органам прызначыць з лепшых партызан у кожную вёску сваіх камендантаў як прадстаўнікоў Савецкай улады. Іх задачай было назіраць за перадыслакацыяй праціўніка, паведамляць у брыгады і атрады агентурныя дадзеныя, збіраць зброю і прадукты харчавання, весці агітацыйную масавую работу сярод сялян. Зыходзячы з вялікай значнасці гэтага мерапрыемства, Дзятлаўскі райкам КПБ(б) вельмі старанна падыходзіў да падбору кандыдатур на гэту пасаду. Яны павінны былі стаць вушамі і вачамі партызан.

Для пашырэння партызанскага руху Дзятлаўскі падпольны райкам КПБ(б) пачаў ствараць у раёне новыя атрады. У канцы жніўня было зацверджана новае фарміраванне, якому было прысвоена імя М.І.Калініна. Момат стаў камісарам гэтага атрада. У сувязі з гэтым вырашылі пытанне пра выбранне новага сакратара партарганізацыі замест яго. Узначаліў партарганізацыю член райкама Андрэй Аляксеевіч Шурупчанка.

У атрад імя М.І.Калініна накіравалі групу вопытных партызан з атрада “Барацьба”. Асноўная ж частка партызан складалася з жыхароў вёсак Руда Яварская, Дзям’янавічы, Зачэпічы, Парэчча, Гузні, Накрышкі, Гута і іншых. Першапачаткова ў атрадзе налічвалася каля 75 чалавек. Свае рады ён хутка папоўніў за кошт верных патрыётаў. Хутка атрад імя Калініна ўвайшоў у склад брыгады К.Я.Варашылава, стаў яе баявой адзінкай.

З дапамогай насельніцтва нашы атрады папаўнялі сваё ўзбраенне. Восенню 1943 года жыхары вёскі Вялікая Воля паказалі партызанам месца на рацэ Шчары, дзе была патоплена танкетка, і з дапамогай насельніцтва вёскі Стукалы партызаны дасталі з ракі 120мм пушку. Адрамантаваўшы, яны пачалі выкарыстоўваць яе для правядзення аперацый.

Падпольны райком партыі шмат увагі ўдзяляў выданню зводак Савінфармбюро, лістовак і зваротаў да насельніцтва. Яшчэ ў 1943 годзе партызаны арганізавалі выпуск раённай газеты “Знамя Свабоды”. Першапачаткова сваёй тыпаграфіі ў іх не было. Таму газета друкавалася на пішучай машынцы невялікім тыражом. З сакавіка 1944 года газета пачала выходзіць рэгулярна і друкавалася тыпаграфскім спосабам. Рэдактарам газеты быў зацверджаны першы сакратар райкама партыі Р.В.Макараў. Выхад газеты з’явіўся значнай падзеяй у жыцці і дзейнасці партызан. Акрамя таго, цэнтральныя газеты, лістоўкі і зводкі Савінфармбюро партызаны атрымлівалі з міжрайпартцэнтра. Яны карысталіся вялікай парулярнасцю сярод народных мсціўцаў і насельніцтва.

Матэрыялы газеты былі розныя. Так, напрыклад, у №5 ад 25 сакавіка ўся першая старонка была прысвечана становішчу на франтах Вялікай Айчыннай вайны, жыццю і працоўным поспехам савецкага тылу, паведамленням з-за мяжы. Гэта давала магчымасць быць у курсе ўсіх падзей, жыць адным жыццём з усёй краінай. Газета таксама змяшчала выніковую зводку з 6 па 16 сакавіка трэцяга Украінскага фронта аб стратах немцаў і трафеях нашых войск.

“Налёт на гарнізон” – так называлася карэспандэнцыя пра разгром варожага гарнізона ў населеным пункце Руда Яварская, які немцы лічылі вельмі ўмацаваным і непрыступным. “Ноччу 5 штурмавых партызанскіх груп пад агульнай камандай  Георгія Ш. і Валянціна Б., – пісала газета, – праніклі ў стан гарнізона і пачалі атакаваць доты. Камандзіры груп К. і П. уварваліся ў адзін з дотаў  і ўзялі гітлераўцаў у палон. Партызаны знішчылі 25 і паранілі 10 нямецкіх салдат і афіцэраў”.

Праўдзівае і аператыўнае асвятленне баявых спраў падымала настрой народных мсціўцаў, натхняла іх на новыя справы.

У наступным нумары 29 сакавіка газета падрабязна расказала пра работу VI сесіі Вярхоўнага Савета БССР, якая праходзіла на вызваленай беларускай зямлі. Тут жа былі змешчаны зводкі Савінфармбюро за 25-28 сакавіка. Такая аператыўнасць давала магчымасць своечасова паведаміць партызанам і насельніцтву пра становішча на фронце, пра радасныя навіны. Вось яшчэ адно з паведамленняў. У нумары 13 за 10 мая 1944 года на першай паласе газета змясціла кароткую заметку ”Узяты горад Севастопаль”. У ёй гаварылася:”У апошнюю мінуту атрымана паведамленне Савінфармбюро, што ноччу з 9 на 10 мая войскі 4-га Украінскага фронта авалодалі горадам рускай славы Севастопалем. Такім чынам Крым цалкам ачышчаны ад нямецкіх мярзотнікаў".

У гэтым жа нумары газета выступіла з перадавым артыкулам “Больш дыверсій на чыгунках ворага!”, у якім заклікала партызанскіх падрыўнікоў узмацніць свае ўдары па камунікацыях ворага, набліжаючы дзень вызвалення роднай зямлі. А ўся другая старонка пад агульным загалоўкам “Больш узарвешь эшалонаў – паскорыш разгром ворага”, расказвала пра баявыя справы падрыўнікоў. “Першы ўнёсак”, “Помста камсамольцаў”, “Пад адхон”, “Багатыр” і ў іншых заметках прыводзіліся канкрэтныя прыклады баявых аперацый народных мсціўцаў.

22 мая 1944 года ў газеце быў змешчаны зварот СНК БССР, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі да насельніцтва часова акупіраваных нямецкімі захопнікамі раёнаў Савецкай Беларусі. Адразу ж пасля выхаду газеты партызанскія агітатары накіраваліся ў населеныя пункты раёна, каб данесці да жыхароў заклікі да барацьбы, падняць іх дух, жаданне змагацца з ворагам.

Жыхары раёна всё актыўней падымаліся на барацьбу з ворагам. У першых радах ішлі маладыя патрыёты. Да стварэння падпольнага райкама  камсамольскай работай у раёне кіравалі камуністы і актывісты – камсамольцы партызанскіх атрадаў Ленінскай партызанскай брыгады. Летам 1943 года ў партызанскіх атрадах, якія дзейнічалі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, былі створаны камсамольскія арганізацыі.  У многіх населеных пунктах працавалі тэрытарыяльныя падпольныя маладзёжныя арганізацыі і групы. Дзятлаўскі падпольны райкам ЛКСМБ пачаў работу з 1 ліпеня 1943 года і базаваўся ў Ленінскай партызанскай брыгадзе.

Трэба адзначыць, што падпольны райкам партыі ажыццяўляў паўсядзённае кіраўніцтва падпольным райкамам ЛКСМБ. На адным са сваіх паседжанняў райкам КПБ(б) слухаў справаздачу аб рабоце ЛКСМБ. У абмеркаванні прыняло ўдзел 8 чалавек, сярод іх упаўнаважаны ЦК КПБ(б) С.П.Шупеня, члены райкама партыі Г.В.Макараў, Я.І.Момат, А.А.Шурупчанка, інструктар ЦК ВЛКСМ Голубева і іншыя. Яны ўважліва і ўсебакова прааналізавалі дзейнасць падпольнага камсамольскага органа, адзначылі правядзенне значнай работы і разам з тым знайшлі шэраг недахопаў. Галоўны з іх – слабая работа па стварэнні падпольных камсамольскіх арганізацый, недастатковы рост камсамольскіх арганізацый у партызанскіх атрадах, нездавальняючая пастаноўка выхаваўчай работы сярод моладзі. Былі прыняты арганізацыйныя меры па паляпшэнні такой работы.

Обмеркаванне пытання пра работу райкама ЛКСМБ, прынятае рашэнне садзейнічала павышэнню ролі камсамольцаў і моладзі ва ўсенароднай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Значна палепшылі кіраўніцтва камсамольскімі арганізацыямі партыйныя арганізацыі партызанскіх атрадаў. Члены райкама КПБ(б) прысутнічалі на паседжаннях райкама ЛКСМБ. Адным словам, гэтым абмеркаваннем быў зроблены значны крок у бок паляпшэння работы раённай камсамольскай арганізацыі. Партыйны клопат і дапамога далі магчымасць павысіць баявую актыўнасць маладых патрыётаў.

Важным участкам у дзейнасці падпольнага райкама КПБ(б) мы лічылі работу па разлажэнні варожага гарнізона ў раённым цэнтры Дзятлава. Райкам партыі стварыў тут падпольны антыфашысцкі камітэт. Мужна і адважна дзейнічалі падпольшчыкі. Ужо ў пачатку 1944 года ў атрад “Барацьба” з дзятлаўскага гарнізона добраахвотна прыйшло 40 чалавек. Гэта быў першы вынік работы членаў антыфашысцкага камітэта. Падпольшчыкі рыхтавалі правядзенне важнай аперацыі. На жаль, праз данос правакатара антыфашысцкі камітэт пацярпеў правал. Усё кіраўніцтва яго пасля нечалавечых здзекаў было расстраляна за дзень да вызвалення Дзятлаўскага раёна.

Мы добра разумелі, што без падтрымкі мясцовага насельніцтва ваяваць з ворагам не зможам. Партызаны кожны дзень бывалі ў вёсках раёна, праводзілі там агітацыйна-масавую работу. Падпольны райкам партыі на сваіх паседжаннях неаднаразова звяртаў увагу на наладжванне добрых адносін з сялянамі. Па просьбе партызан жыхары раёна за гады акупацыі перадалі нам некалькі дзясяткаў вінтовак, аўтаматаў, пісталетаў, знойдзеных на месцах баёў летам 1941 года. Была сярод іх і зброя часоў Першай сусветнай вайны. Вялікую дапамогу аказвала насельніцтва партызанам прадуктамі харчавання. Партызанскія каменданты вёсак строга выконвалі нормы паставак прадуктаў, аднак не ўшчамлялі і інтарэсы сялян. Выпечкай хлеба і прыгатаваннем ежы займаўся гаспадарчы ўзвод.

Дзятлаўскі падпольны райкам КПБ(б) аказваў вялікую дапамогу сялянам у правядзенні сельскагаспадарчых работ. Партызаны забяспечвалі сялянам семянны фонд, коней для правядзення палявых работ, ахоўвалі іх у час сяўбы. Становішча аблегчылася тым, што большасць партызан Дзятлаўскага раёна былі выхадцамі з гэтых месцаў. Зразумела, гітлераўцы неаднаразова спрабавалі перашкодзіць ходу палявых работ, але яны заўсёды атрымлівалі ўзброены адпор народных мсціўцаў.

Пасля стварэння Дзятлаўскага падпольнага райкама КПБ(б) да злучэння партызан з часцямі Чырвонай Арміі толькі ў Дзятлаве існаваў варожы гарнізон, а ў астатніх населеных пунктах раёна ўся паўната ўлады належала партызанам.

Яшчэ ў снежні 1943 года на паседжанні райкама партыі была створана камісія па ўліку злачынстваў, здзейсненых над мірным насельніцтвам фашысцкімі захопнікамі. Трэба было сабраць усе матэрыялы пра зверствы фашыстаў, пра іх крывавыя справы ў населеных пунктах раёна, прад’явіць гітлераўскім звярам рахунак за іх забойствы і гвалт з нашых людзей, за спаленыя вёскі, за вывезенае і знішчанае народнае багацце.

Паседжанне райкама партыі звычайна праходзілі 2-3 разы на месяц. На іх абмяркоўваліся важныя пытанні баявога жыцця і дзейнасці партызан, ставіліся задачы па зрыву мерапрыемстваў акупацыйных улад. Падпольны райкам КПБ(б), камуністы не толькі распрацоўвалі планы баявых аперацый, але прымалі самы актыўны ўдзел у іх правядзенні. У час баёў з ворагам першымі ў атаку ішлі камуністы і камсамольцы, вялі за сабой астатніх народных мсціўцаў.

Па дэталёва распрацаваных планах паспяхова былі праведзены ўдары па чыгуначных камунікацыях ворага, а таксама аперацыі па разгроме буйных варожых гарнізонаў.

Мы, кіраўнікі падпольнага райкама партыі, заўсёды атрымлівалі ўсебаковую дапамогу ў нялёгкай барацьбе ад Шчучынскага міжрайпартцэнтра. Пастаянная і цесная сувязь падтрымлівалася з Казлоўшчынскім, Слонімскім, Мастоўскім, Жалудоцкім падпольнымі райкамамі КПБ(б). У час паседжання Шчучынскага міжрайпартцэнтра члены гэтых падпольных партыйных органаў прымалі ўдзел у распрацоўцы сумесных мерапрыемстваў у барацьбе з захопнікамі. Асаблівая заслуга ў поспеху партызанскіх дзеянняў належыць Сцяпану Пятровічу Шупеню – умеламу кіраўніку народных мсціўцаў Шчучынскай зоны.

На адным са сваіх паседжанняў вясной 1944 года Дзятлаўскі падпольны райкам партыі абмеркаваў пытанне пра правядзенне веснавой сяўбы. Мы добра разумелі, што недалёка той час, калі акупаваная тэрыторыя будзе ачышчана ад захопнікаў і што ўборку будзем праводзіць на вызваленай зямлі.  Важнасць ажыццяўлення гэтага мерапрыемства растлумачылі сялянам нашы агітатары-партызаны.

Мы ўсё зрабілі для зрыву гітлераўскіх планаў стварэння так званай “Беларускай краёвай  абароны”. Акупацыйныя ўлады хацелі гвалтоўна мабілізаваць людзей у гэтыя фарміраванні. Райкам партыі накіраваў агітатараў у населеныя пункты, дзе яны вялі тлумачальную работу, а пры неабходнасці партызаны арганізоўвалі засады, знішчалі фашыстаў і адпраўлялі рэкруціраваных дадому.

Памятнай сталася для нас ноч на 20 чэрвеня 1944 года. Згодна з дэталёва распрацаваным планам партызаны Дзятлаўшчыны выйшлі на заключны этап “рэйкавай вайны”. Шматлікія выбухі чыгуначнага палатна вывелі са строю важную магістраль.

Было яшчэ шмат баёў з ворагам, у якіх народныя мсціўцы пад кіраўніцтвам падпольнага райкама партыі, камандвання партызанскіх фарміраванняў, наносячы магутныя ўдары па гітлераўцах, знішчаючы іх жывую сілу і тэхніку, дапамагалі Чырвонай Арміі ў яе паспяховым настапленні. І вось надышоў радасны дзень – 14 ліпеня. Партызаны злучыліся з перадавымі армейскімі часцямі. Насельніцтва раёна з радасцю сустракала Чырвоную Армію – армію-вызваліцеля.

Дзятлаўскі падпольны райкам КПБ(б)

(20.08.1943 – 15.07.1944г.г.)

Арганізаваны 20 жніўня, зацверджаны Баранавіцкім падпольным абкамам КПБ(б) 30 жніўня 1943 года.

Сакратаром яго з’яўляўся камісар Ленінскай партызанскай брыгады Р.В.Макараў.

Райкам базаваўся ў гэтай брыгадзе.

Склад падпольнага райкама КПБ(б):

Сакратар – Макараў Рыгор Васільевіч (20.08.1943 – 15.07.1944)

Члены райкама:

Момат Якаў Іванавіч (20.08.1943 – 15.07.1944г.г.)

Шурупчанка Андрэй Аляксеевіч (20.08.1943 – 15.07.1944г.г.)

Глазкоў Ілья Міхайлавіч (16.12.1943 – 15.07. 1977г.г.)

Друкаваны орган – газета “Знамя свабоды”

Рэдактар – Макараў Р.В.

Пераклад на беларускую мову і літаратурную апрацоўку зрабіла Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

716