Да 55-годдзя Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Да 55-годдзя Дзятлаўскага гісторыка краязнаўчага музея

Дырэктары музея

Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч  - першапачынальнік музейнай справы на Дзятлаўшчыне

Сэрцам адданы Дзятлаўшчыне

   Гэтыя словы можна з упэўненасцю сказаць пра Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, заснавальніка і першага дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

  Сёлета грамадскасць горада і раёна будзе адзначаць 105-годдзе з дня яго нараджэння. І, напэўна, невыпадкова  яго юбілей супаў з юбілеем нашага горада. Міхаіл Фёдаравіч за нязначны перыяд часу зрабіў для захавання гістарычнай памяці нашай малой радзімы столькі, што гэтага было б дастаткова не толькі для адкрыцця музейнай экспазіцыі, але і для напісання важкай кнігі па гісторыі Дзятлаўшчыны.

  Часам  бывае шкада, што  не быў знаёмы з чалавекам, не размаўляў з ім, не бачыў яго захопленасці і бескарыслівых чалавечных учынкаў. Што ж, нічога не зробіш, мы людзі розных пакаленняў, аднак  шмат даведацца пра чалавека можна і праз яго спадчыну, праз успаміны блізкіх і сяброў, архівы і плён той тытанічнай працы, якую ён паспеў зрабіць у сваім жыцці.

  Хочацца для прыкладу прывесці толькі адзін эпізод.  У музеі нядаўна працавала выстава “Кніга ў прасторы і часе”, якую наведвалі гараджане і вучні школ раёна. На выставе былі прадстаўлены выданні 19-21стагоддзяў з фондаў музея, якія дэманстравалі развіццё кнігавыдавецтва розных гістарычных эпох. Пра выставу даведаўся Петрыкевіч Валерый Міхайлавіч, сын Міхаіла Фёдаравіча, і прапанаваў  нам кнігі з асабістай бібліятэкі юбіляра. Кніг было шмат, мы адвялі ім на выставе асобнае месца. Тое, што гэта за выданні і наколькі яны каштоўныя, вельмі ўразіла. Гэта былі і слоўнікі, і кнігі з даравальнымі надпісамі знакамітых людзей Беларусі, і кнігі на польскай і літоўскай мовах, падручнікі і энцыклапедыі, кнігі пра прыроду, культуру, літаратурныя выданні. А калі яшчэ ўлічыць, што ў 20 стагоддзі кніга  лічылася асноўнай крыніцай інфармацыі, то становіцца зразумелым- інтарэсы Міхаіла Фёдаравіча былі вельмі разнастайнымі. Ды інакш і быць не магло: толькі такія людзі здольныя стварыць нешта значнае, для многіх пакаленняў.

  Хлопец з малазямельнай сялянскай сям’і, Міша Петрыкевіч крочыў крутымі жыццёвымі дарогамі. Спачатку паспяхова скончыў царкоўнапрыходскую школу, затым бацькі знайшлі магчымасць і адправілі яго, аднаго з шасці сыноў, у Навагрудскую беларускую гімназію. Раптоўная смерць бацькі не спыніла вучобу. Маці са старэйшымі сынамі аддавала апошняе, каб здольны сын прадоўжыў вучобу. Беднае, галоднае жыццё вучня-гімназіста не перашкодзіла паспяхова вучыцца.

У апошнія гады вучобы юнак збліжаецца з рэвалюцыйна настроенай часткай гімназістаў і ўступае ў шэрагі камсамола Заходняй Беларусі. Удзельнічае ў мітынгах, распаўсюджвае забароненую літаратуру і лістоўкі, вядзе агітацыю сярод землякоў. Такая дзейнасць была заўважана дэфінзівай, і летам 1931 года выпускніка гімназіі навагрудскі ваяводскі суд адпраўляе на тры гады за краты. Малыя душныя камеры турмаў у Навагрудку, знакамітых Лукішках у Вільні і Плоцку каля Варшавы былі прытулкам на перыяд лепшых гадоў маладога жыцця, а ў дадатак допыты, катаванні, карцар.

Верасень 1939 года  вярнуў мару аб вышэйшай адукацыі. Летам 1940 года Петрыкевіч М.Ф. паступае ў Беластоцкі настаўніцкі інстытут. На жыццё зарабляе, ведучы заняткі па ліквідацыя бязграматнасці на абцасавай фабрыцы. Днём - вучоба, вечарам- праца, ноччу- падрыхтоўка да заняткаў.

22 чэрвеня 1941 года павінен быў прайсці апошні экзамен за першы курс. Але замест яго паніка і доўгі шлях палявымі і ляснымі сцежкамі па начах.

Усталяванаму акупацыйнаму рэжыму патрэбны былі адукаваныя людзі. Каб не быць вывезеным у Германію, Міхаіл Фёдаравіч прымае прапанову стаць бухгалтарам на чыгунцы ў Любчы.

Менавіта гэтая пасада зблізіла пазней з сувязным аднаго з партызанскіх атрадаў, будучым знакамітым літаратарам, прафесарам У.А.Калеснікам, якому перадаваліся звесткі аб характары перавозак на чыгунцы.

Са жніўня 1944 года  Петрыкевіч М.Ф. служыць у Савецкай Арміі. Дасведчанага, граматнага салдата выкарыстоўвалі на пасадах пісара ў штабах пры розных вайсковых падраздзяленнях. У баявых дзеяннях прыняць удзел не давялося.

Пасля дэмабілізацыі з войска прыняў рашэнне прадоўжыць вучобу. У верасні 1946 года 33-гадовы Міхаіл Фёдаравіч, бацька двух сыноў, заручыўшыся падтрымкай цесця і жонкі, становіцца студэнтам другога курса Мінскага педагагічнага інстытута. Вучыўся выдатна, дапамагаў малодшым, карыстаўся павагай у студэнтаў і выкладчыкаў. Падчас вучобы замацаваў сяброўскія стасункі з У.А.Калеснікам, які таксама быў студэнтам, а праз яго з Янкам Брылём, маладым пісьменнікам, баявым сябрам Калесніка. Ад прапановы вучыцца ў аспірантуры рашуча адмовіўся, бо загрызла сумленне сядзець “на карку” ў жонкі і цесця.

Два навучальныя гады, з 1949 па 1951, Міхаіл Фёдаравіч адпрацаваў настаўнікам літаратуры ў Карэліцкай СШ. А з восені 1951 па 1966 гады – завучам Валеўскай СШ Навагрудскага раёна. Менавіта тут, у Валеўцы, раскрыліся яго педагагічны талент і арганізатарскія здольнасці.

Будаўніцтва новага двухпавярховага будынка школы, навядзенне парадку на прышкольным участку, азеляненне яго, закладка парка-дэндрарыя, стварэнне школьнага лясніцтва, арганізацыя экскурсій і першых турыстычных паходаў і як вынік- ідэя стварэння школьнага краязнаўчага музея. І ўжо ў 1955 годзе ў вясковай школе адчыняецца  музей, які з кожным годам багацее, прырастае экспанатамі, павялічваецца па плошчы, становіцца знакамітым на ўсю краіну і за яе межамі.

Стваральнікі музея і яго экспазіцыі неаднаразова адзначаюцца граматамі розных ведамстваў, у тым ліку Міністэрствам адукацыі БССР і СССР, а таксама ВДНГ (выставы дасягненняў народнай гаспадаркі) у Маскве. Петрыкевічу М.Ф. прысвойваюць званне выдатнік народнай асветы БССР, а ў 1965 годзе- званне заслужанага настаўніка БССР.

  У студзені 1965 года быў адноўлены Дзятлаўскі раён. Першым сакратаром РК КПБ быў прызначаны Крыжаноўскі І.В. Ён пачынаў сваю працоўную дзейнасць настаўнікам Валеўскай СШ, а пасля быў дырэктарам Цырыкскай СШ і загадчыкам РАНА ў Карэлічах і добра ведаў адданасць працы, здольнасці і магчымасці Петрыкевіча М.Ф. Разам са старшынёй Дзятлаўскага РВК С.Ц.  Кабяком І.В. Крыжаноўскі амаль два гады агітаваў Петрыкевіча М.Ф. пераехаць ў Дзятлава і ўзначаліць мясцовы музей, будынак якога яшчэ толькі пачалі ўзводзіць. Пры гэтым кіраўнікі раёна паабяцалі ўсебаковую падтрымку.

У студзені 1967 года 54-гадовы педагог рашыўся на пераезд і апантана, з юнацкім запалам узяўся за любімую справу. На працягу года аб’язджае ўсе вёскі раёна, абыходзіць амаль кожную хату, прысутнічае на ўсіх сходах у калгасах і арганізацыях, школах, бібліятэках, дамах культуры. Выступае на раённых камсамольскіх, партыйных, прафсаюзных сходах. Сустракаецца з былымі падпольшчыкамі, вайскоўцамі, партызанамі, святарамі цэркваў і касцёлаў. Тыднямі даследуе матэрыялы ў архівах гарадоў Гродна, Брэста, Мінска, Вільнюса. Вядзе перапіску са сваімі былымі сябрамі- падпольшчыкамі, пісьменнікамі, партыйнымі актывістамі, краязнаўцамі, навукоўцамі, са шматлікімі музеямі БССР і СССР.

Дзякуючы нястомнай працы, за адзін год і чатыры месяцы было сабрана звыш шасці тысяч экспанатаў, размеркавана па залах, аформлена экспазіцыя Дзятлаўскага музея народнай славы ( тады ён так называўся), і 5 мая 1968 года адчынілася  для наведвальнікаў.

  У 2018 годзе спаўняецца 50 гадоў з дня, калі першы экскурсант пераступіў парог музея. Слава пра Дзятлаўскі музей вельмі хутка разышлася па Беларусі і за яе межамі. Сотні тысяч людзей за гэты час пазнаёміліся з экспазіцыяй. Гэта вучні, моладзь, працоўныя, вайскоўцы, падпольшчыкі, ветэраны, журналісты, краязнаўцы, пісьменнікі, кіраўнікі розных рангаў, замежныя госці з Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Ізраіля, Люксембурга, Германіі, Англіі і іншых дзяржаў.

Вядомы навуковец, культуролаг, даследчык літаратуры, прафесар Адам Восіпавіч Мальдзіс некалькі разоў быў у Дзятлаўскім музеі і адазваўся аб ім прыкладна так:”Я наведаў амаль усе раённыя музеі ў Беларусі. Паўсюль адна праблема: чым запоўніць залы? У лепшым выпадку фота і ксеракопіі. І толькі ў Дзятлаве і Гудзевічах (Мастоўскі раён) іншая сітуацыя. Тут не ведаюць, як паказаць тое, што ляжыць у фондах. Не хапае ў залах месца. І гэта не ксеракопіі, а вельмі рэдкія, унікальныя экспанаты”.

Ідзе час, музей змяняецца, аднаўляецца, папаўняецца паслядоўнікамі Міхаіла Фёдаравіча.  Гэта жыццё ўносіць сваё папраўкі. Так і трэба. Але памяць павінна жыць - памяць пра чалавека і яго добрыя справы. І яна жыве. Сёлета жыхары раёна выказалі прапанову  размясціць на сцяне музея мемарыяльную дошку, прысвечаную М.Ф.Петрыкевічу. За першае паўгоддзе 2018 года справа была даведзена да лагічнага завяршэння і 4 жніўня ў музеі адбудзецца ўрачыстае адкрыццё дошкі і мерапрыемства, прысвечанае юбілею Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча. Шчыра запрашаем усіх дзятлаўчан і гасцей горада і раёна завітаць да нас у музей.

Алена Абрамчык, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

793