Супрацоўнікі НПГКМЗ – удзельнікі XII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць»

25–26 чэрвеня 2021 г. у Магілёве прайшла XII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць», прысвечаная 80-годдзю абароны г. Магілёва. Тэматыка дакладаў удзельнікаў канферэнцыі была вельмі разнастайная: «Гераічная абарона Магілёва ўлетку 1941 года. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны», «Старажытная гісторыя і археалогія Верхняга Падняпроўя і Пасожжа», «Сацыяльна-эканамічная і палітычная гісторыя рэгіёну», «Канфесійныя працэсы на Магілёўшчыне», «Духоўныя традыцыі: літаратура і мастацтва», «Музей у сучасным грамадстве. Прадмет і слова: артэфакт і культурны кантэкст артэфакта», «Слаўныя магілёўцы. Магілёў у кантэксце ўрбаністычных працэсаў». Даследчыкі з Беларусі, Расіі, Польшчы і Украіны змаглі прадставіць свае апошнія напрацоўкі, выкарыстоўваючы новыя архіўныя дакументы, матэрыялы вуснай гісторыі і сацыялагічных апытанняў. Загадчык Краязнаўчага музея, філіяла НПГКМЗ, І. П. Воднева прадставіла даклад «Да пытання аб патэнцыяле крыніц вуснай гісторыі (на прыкладзе дакументаў асабістага паходжання ўраджэнца Магілёўшчыны С.П. Партнова)». Падчас выступу былі агучаныя вынікі даследавання жыцця і працоўнай дзейнасці Сямёна Паўлавіча Партнова, старшыні выканкама Полацкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных, Ганаровага грамадзяніна горада Полацка, які прымаў непасрэдны ўдзел у аднаўленні цалкам разбуранай ў гады вайны гарадской гаспадаркі.

Старшы навуковы супрацоўнік Музея баявой славы, філіяла НПГКМЗ, І.В. Сырэвіч прадставіла даклад «М.І. Падшываленка – баец партызанскага атрада спецыяльнага прызначэння «Баявы». Яна пазнаёміла прысутных з вынікамі пошукавай працы супрацоўнікаў музея ў 2000-я гг., а таксама з унікальнымі прадметамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, якія былі перададзены ў фонды музея-запаведніка Мікалаем Іванавічам Падшываленкам.

915