30 чэрвеня 1941 года на Дзятлаўшчыне быў усталяваны акупацыйны рэжым

30 чэрвеня 1941 года быў усталяваны акупацыйны рэжым на Дзятлаўшчыне

Восемдзесят гадоў мінула з таго дня, як на тэрыторыі Дзятлаўшчыны быў усталяваны акупацыйны рэжым. Амаль не засталося сведкаў тых далёкіх падзей, аднак яны не становяцца ад гэтага менш значнымі і важнымі, бо менавіты ў тыя гады чарговы раз вырашаўся лёс нацыі.

Летнім днём 22 чэрвеня 1941 года жыхары Дзятлаўшчыны былі заняты мірнай працай. Большая частка з іх працавала на сваіх уласных лугах, палях, гародах, нягледзячы на нядзельны дзень, бо пасля ўз'яднання Усходняй і Заходняй Беларусі ў 1939 годзе ў гэты край яшчэ не дайшла калектывізацыя. Вясковая моладзь з нецярпеннем чакала завяршэння працоўнага дня, каб вечарам адправіцца на танцы, пакупацца ў Шчары ці Моўчадзі, а сталыя людзі – пасядзець на прызбах ды абмеркаваць навіны дня.

Вестка пра вайну прыйшла нечакана, перадавалася з вуснаў у вусны. Ніхто не мог растлумачыць, што адбываецца. Былі толькі здагадкі пра тое, што магла пачацца вайна «немца» з рускімі, як казалі ў вёсках. Гэтыя чуткі не-не ды і з'яўляліся задоўга да 22 чэрвеня 1941 года, хоць ніхто не хацеў у гэта верыць. Ніякіх сродкаў сувязі ў той час не было, і насельніцтва не магло пачуць ўрадавае паведамленне аб тым, што ноччу без аб'яўлення вайны фашысцкія захопнікі раптоўна ўварваліся ў межы нашай краіны.

Сапраўднае становішча спраў праяснілася 24 чэрвеня. Жыхары бліжэйшых да Зельвеншчыны вёсак не толькі пачулі, але і ўбачылі вайну. Спачатку некалькі самалётаў са свастыкай на крылах праляцелі ўздоўж ракі Шчары і разбамбілі масты ў вёсцы Вялікая Воля, што за тры кіламетры на захад ад Малой Волі і ў вёсцы Скрундзі, што за пяць кіламетрах на ўсход.

Неўзабаве на процілеглым беразе ракі сталі з'яўляцца часткі Чырвонай Арміі, якія, несучы цяжкія страты, пераследаваліся фашысцкімі танкавымі злучэннямі Г. Гота і Г. Гудэрыяна, адыходзілі на ўсход у напрамку горада Ліды. Калоны машын, танкі, салдаты 11-га механізаванага корпуса генерала Д.К. Маставенка накіраваліся на пераправу праз Шчару ў раёне Вялікі Волі, але мост ужо быў разбіты.

З дапамогай мясцовых жыхароў з падручных сродкаў ўдалося арганізаваць часовую пераправу, па якой праехалі машыны з прыладамі і мінамётамі. Танкі, пяхота і кавалерыя пайшлі ўброд. Немалая колькасць чырвонаармейцаў аказалася насупраць вёскі Малая Воля, жыхары якой адразу ж задзейнічалі ўсе лодкі і паром для пераправы, паказвалі месцы, дзе можна было пераадолець раку ўброд.

Не абыходзілася і без ахвяр. У спешцы тыя, хто не ўмелі плаваць, танулі ў рацэ і асабліва ў азёрах, якія знаходзіліся як на левым, так і на правым берагах Шчары. Фашысцкая авіяцыя бяслітасна пасыпала бомбамі байцоў Чырвонай Арміі, руйнуючы хаты мірных жыхароў і вынішчаючы ўсё жывое.

Мірнае жыццё скончылася. Усё часцей і часцей праязджалі цяпер па вёсках калоны нямецкіх салдат. Да канцы ліпеня 1941 года ўвесь Дзятлаўскі раён быў акупаваны фашыстамі, дзе яны пачалі ўсталёўваць «новы парадак».

Да восені 1941 г. тэрыторыя Беларусі была падзелена на акругі для арганізацыі і правядзення ў іх актаў тэрору асобнымі часткамі гестапа, зондэркамандамі, войскамі СС і СА. Дзятлаўскі раён быў аднесены да генеральнай акругі «Беларутэнiя». У верасні 1941 года ў Дзятлаве было створана гета, у якім змяшчалася да 4500 чалавек яўрэйскага насельніцтва, пазней у ходзе пагромаў з іх было расстраляна 3500 чалавек.

У Казлоўшчыне было створана валасное кіраванне, атрады дапаможнай паліцыі для кантролю і правядзення мер бяспекі на сумежных тэрыторыях. Па распараджэнні камандуючага тылам групы арміі «Цэнтр» генерала пяхоты фон Шэнкендорфа ў шэрагі дапаможнай паліцыі бургамістраў валасцей было рэкамендавана прыцягваць «надзейных фольксдойчэ, беларусаў, і калі такіх не маецца, то палякаў».

Падставай для такога рашэння быў партызанскі рух на акупаванай гітлераўцамі тэрыторыі Беларусі. Цэнтрам партызанскага руху на Дзятлаўшчыне сталі лясы Ліпічанская пушчы, дзе была сфарміравана і дзейнічала Ленінская партызанская брыгада на чале з камандзірам Ф.М. Сінічкіным, пазней – Б.А. Булатам. Партызаны наносілі адчувальныя ўдары па фашыстах. Яны смела дзейнічалі ў тыле ворага: узрывалі масты, разбуралі дарогі, лініі сувязі, пускалі пад адхон эшалоны, грамілі валасныя ўправы і асобныя гарнізоны, знішчалі жывую сілу праціўніка.

Хацелася б узгадаць пра аднаго з найбольш яркіх партызанскіх герояў-яўрэяў Дзятлаўшчыны, якім быў доктар Ёскель Атлас.  Не варта шукаць яго ні ў адным даведніку або гістарычнай літаратуры па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі, гэтага імя там проста няма, а ўсе баявыя справы створанага ім партызанскага атрада па пэўных прычынах былі прыпісаны іншаму не менш вялікаму партызанскаму камандзіру.

Здарылася так, што Ёскель Атлас прыехаў з Варшавы пагасцяваць да родных у пасёлак Казлоўшчына практычна напярэдадні вайны, а менавіта летам 1941 года. У свае 30 гадоў ён ужо меў атрыманую ў Францыі і Італіі доктарскую ступень, але пачалася вайна, і ўсе тыя жахі гэтай вайны адчулі на сабе ён і яго сям'я. У Казлоўшчынскім гета, створаным фашыстамі 24 лістапада 1941, загінулі яго бацькі і сямнаццацігадовая сястра Селіна.

Па словах мясцовых відавочцаў у гэты дзень па загаду фашыстаў у Казлоўшчыне было сабрана каля 40-50 чалавек. Усім выдалі рыдлёўкі і кірхі і выгналі за тры кіламетры ад пасёлка, дзе загадалі капаць велізарныя ямы. Фашысты вельмі спяшаліся і таму не дазвалялі ні на хвіліну спыніцца. Праз некаторы час туды з Казлоўшчыны былі прывезены ў грузавых аўтамабілях больш за 300 жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці, дзе яны і былі расстраляны фашыстамі.

Ёскель уцёк з гета і арганізаваў групу з такіх жа, як і ён, маладых людзей. Група хавалася ў лясах Ліпічанскай пушчы, дзе неўзабаве сустрэла байцоў Чырвонай Арміі, якія таксама хаваліся там. Чырвонаармейцы былі ўзброены, але многія мелі раненні і калецтвы, атрыманыя ў баях. Доктар Атлас заняўся іх лячэннем і ўсіх паставіў на ногі. Пасля гэтага атрад, які ўжо налічваў каля 120 чалавек, прыступіў да баявых дзеянняў.

Групай доктара Атласа быў спланаваны напад на Дзярэчынскі гарнізон фашыстаў (Зэльвенскі раён). Мэтай дадзенай аперацыі было вызваленне мясцовага яўрэйскага насельніцтва, якое знаходзілася ў гета. У выніку усе жадаючыя са зброяй у руках змагацца супраць захопнікаў, пайшлі разам з доктарам з гета ў лес. 24 ліпеня 1942 гета ў Дзярэчыне фашысты цалкам ліквідавалі. Усяго было па-зверску забіта і закатавана каля 3000 габрэяў.

10 жніўня Ескель Атлас паўтарыў атаку на Дзярэчынскі гарнізон, якой акупанты ніяк не чакалі, і практычна знішчыў яго, пры гэтым не страціўшы ў баі забітымі і параненымі ні аднаго з партызан свайго атрада. У маладога ўрача ўсё атрымлівалася так, як ён задумаў. Яму заўсёды шанцавала, і ў яго байцоў складалася ўражанне, што доктар усё жыццё вывучаў ваенную тактыку. Затым доктар Атлас і яго байцы ў складзе дыверсійнай групы ўзарвалі цягнік з боепрыпасамі на чыгуначнай лініі Гродна-Ліда, а таксама спалілі стратэгічна важны для акупантаў драўляны мост праз раку Нёман. У ноч на 5 верасня групай доктара быў атакаваны фашысцкі гарнізон у пасёлку Казлоўшчына, у выніку якога было знішчана каля 30 гітлераўцаў.

На базе атрада Ёскеля Атласа таксама існаваў і сямейны партызанскі лагер, у якім жылі яўрэі, што ўцяклі з бліжэйшых гарадоў і пасёлкаў. Дзякуючы доктару яны атрымалі часовы прытулак і ежу.

6 жніўня 1942 доктар паспрабаваў вызваліць яўрэяў Дзятлаўскага гета, і яму гэта ўдалося, у выніку чаго баявы склад атрада папоўніўся яўрэйскай моладдзю.

5 верасеня 1942 гада доктар Атлас са сваімі байцамі захапіў нямецкі самалёт, які зрабіў вымушаную пасадку.

Восенню 1942 партызанскія групы і атрады, якія дзейнічалі ў раёне Ліпічанская Пушчы, сталі фармавацца ў больш буйныя злучэнні, на чале якіх былі кадравыя вайскоўцы. Атрад доктара Атласа ўвайшоў у Ленінскую партызанскую брыгаду, якой кіраваў былы танкавы камандзір Барыс Булат, які ўцёк з палону. Ён быў цяжка паранены, Атласу прыйшлося ампутаваць яму руку, доктар правёў складаную па тых часах аперацыю так, што Булат змог трымаць у руках аўтамат. Пра цуды баявога доктара ішла слава па ўсім Ліпічанскім краі. Партызанскія камандзіры хацелі захаваць медыцынскі талент доктара і спрабавалі адхіліць Атласа ад камандавання атрадам, але гэта было беспаспяхова, таму што Ёскель ірваўся ў бой, і яго тактычныя напады на варожыя воінскія злучэнні заўсёды былі паспяховымі. І пакуль кіраўніцтва брыгады вырашала яго лёс, Ёскель правёў некалькі дыверсій на чыгунцы, разграміў гарнізон у Рудзе Яварскай. У баі каля гэтай вёскі немцы страцілі 127 салдат і афіцэраў, яшчэ 75 гітлераўцаў здаліся ў «партызанскі» палон. Пасля гэтага бою было захоплена столькі трафейнай зброі, што ёй можна было б забяспечыць цэлы атрад. Партызанскі кіраўніцтва было рада такому поспеху, бо раней баёў, падобных таму, што правёў доктар Атлас пад Рудой Яварскай, не ўдавалася правесці сіламі нават усёй партызанскай брыгады. Ваенны талент гэтага чалавека быў бясспрэчны. І доктара пакінулі камандзірам баявой групы.

На жаль, таленту маладога доктара не суджана было цалкам раскрыцца. 5 снежня (у некаторых крыніцах – 2 кастрычніка) 1942 года ў баі каля вёскі Вялікая Воля  Ёскель Атлас быў смяротна паранены, і выратаваць таленавітага лекара ўжо не мог ніхто. Цела доктара Атласа было пахавана ў лясным гушчары Ліпічанскай пушчы каля вёскі Малая Воля.

Доўгі час пра дакладнае месца пахавання доктара Атласа не было нічога вядома. Толькі дзякуючы Юшкевіч Галіне Міхайлаўне, загадчыцы сельскім клубам у в. Руда Яварская Дзятлаўскага раёна, стала вядома пра магілу доктара. Менавіта яна звярнулася ў Дзятлаўскі раённы ваенкамат і распавяла, што ведае, дзе ў лесе магіла, у якой пахаваны партызанскі доктар Атлас. А ўсю гэтую гісторыю і месца пахавання Галіна Міхайлаўна ведала з дзяцінства ад свайго бацькі Альховіка Міхаіла Юр'евіча. Разам з бацькам яны як маглі даглядалі магілу доктара, чысцілі яе ад зараснікаў. Мясцовыя жыхары в. Малая Воля Дзятлаўскага раёна дапамаглі паставіць драўляную агароджу каля магілы. Альховік Міхаіл памёр у 2001 годзе і перад смерцю бацька прасіў сваю дачку, каб яна не забывала пра магілку доктара Атласа і паспрабавала б знайсці сваякоў доктара Атласа. Галіна Міхайлаўна пісала і на перадачу "Чакай мяне", звярталася ў абласную газету, у якой была надрукаваная гэтая гісторыя.

Дзякуючы ёй у 2008 годзе было прынята рашэнне пра перапахаванне парэшткаў доктара Атласа. І да месца пахавання накіравалася група ў складзе пасланца Хабад і Галоўнага рабіна Гродна Іцхака Кофман, а таксама прадстаўнікоў УС РБ і іншых.

Пад'езды да месца пахавання былі немагчымыя для транспарту, менавіта таму дэлегацыя была вымушана прайсці пешшу па лясным гушчары. Дарога была ўсеяна галінкамі зламаных дрэў, якія ўскладнялі шлях па лесе. Прыбыўшы на месца, людзі папрасілі прабачэння ў памерлага, як прынята па яўрэйскай традыцыі, і пачалі складаныя работы па адкрыцці магілы, якія доўжыліся шмат гадзін. І вось надышоў хвалюючы момант, калі ў сярэдзіне раскопкі магілы былі выяўлены побач з целам абойма з патронамі і апарат для вымярэння ціску – рэчы, якія даказваюць, што атрыманая інфармацыя і дакументы аб тым, што тут знаходзіцца цела партызана і ўрача доктара Атласа, з'яўляюцца дакладнымі.

Пасля працяглых работ па раскопках магілы цела доктара Атласа было пакладзена ў труну і перавезена на яўрэйскія могілкі ў горад Дзятлава, дзе ў прысутнасці ваенных, прадстаўнікоў мясцовай улады і ветэранаў Другой сусветнай вайны, а таксама рабіна Іцхака Кафмана па яўрэйскай традыцыі праведзена перапахаванне.

За гады Вялікай Айчыннай вайны загінула:

  • жыхароў раёна – 12018 чалавек
  • мipныx жыхароў – 10479
  • на франтах  – 1419
  • партызанаў –  208
  • падпольшчыкаў – 18

Расстраляна 9636 жыхароў раёна

Загінула воінаў Чырвонай Арміі пры абароне i вызваленні  – 282 чал.

Усяго пахавана на тэрыторыі раёна  – 16487 чалавек

Было вывезена ў Германію 1256 чалавек (мужчын – 585, жанчын – 671)

Спалена вёсак – 6

На тэрыторыі раёна знаходзіцца 84 брацкія  магілы: 28 помнікаў, 56 абеліскаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў межах раёна дзейнічалі  падраздзяленні i групы партызанскіх атрадаў i брыгад «Ленінская», «Перамога» «Дружба», «Iмя К.Варашылава», «Баявы», «Iмя Дунаева», «Кастрычніцкі», « Наватары», а таксама два падпольныя райкамы КП (б) Б – Дзятлаўскі i Казлоўшчынскі, два райкамы ЛКСМБ – Дзятлаўскі i Казлоўшчынскі.

Матэрыял падрыхтавала Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

824