ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА: Міцкевіч і Пушкін - паэты нацыянальнага і сусветнага маштабу

           Сяброўскія ўзаемаадносіны Адама Міцкевіча і Аляксандра Пушкіна мелі складаны характар. Уключалі не толькі велізарнае ўзаемнае прыцягненне, але і моманты адчувальнага адштурхоўвання. Можна ўкласці гэтыя адносіны ў такі выраз: такія падобныя і такія розныя. Лёсу было заўгодна, каб Міцкевіч і Пушкін аказаліся равеснікамі — нарадзіліся з розніцай у паўгода.

          Сябры і па жыцці, і па творчасці. Яны перакладалі адзін аднаго.  Пушкін так характарызаваў свайго сябра-Міцкевіча: «празорлівы і крылаты», «Міцкевіч натхнёны» і інш., называў Міцкевіча выдатным паэтам–імправізатарам і  паэтам–прарокам.  

        Міцкевіч  жа ў сваім курсе славянскіх літаратур згадваў вальналюбівыя  вершы Пушкіна. Даследчыкі адзначаюць, што Міцкевічу імпанавала тое, што Пушкін не прызнаваў «мастацкай абыякавасці». Больш за тое, у іх супадаў і погляд на паэзію як дзейсную, пераўтваральную сілу ў грамадстве. Нездарма пушкінскі верш "Прарок" Міцкевіч вылучаў асабліва.

          Часам некаторыя літаратуразнаўцы параўноўваюць Пушкіна і Міцкевіча падобна Анегіну і Ленскаму. Магчыма таму, што жыццёвыя шляхі літаратурных герояў і іх стваральнікаў у рэшце рэшт разышліся. Тым не менш пасля гібелі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна Міцкевіч напісаў у 1837 годзе шчыры, сардэчны і кранальны некралог-артыкул "Пушкін і літаратурны рух у Расіі". Ён нязменна лічыў свайго сябра першым і ў сваім родзе адзіным, непаўторным нацыянальным геніем. Але і Пушкін успрымаў Міцкевіча як геніяльнага спевака родных Пенатаў. Па ўспамінах сучаснікаў, гутаркі Міцкевіча і Пушкіна былі сяброўскімі і максімальна адкрытымі. Паэты дзяліліся "не толькі песнямі, але і чыстымі марамі".

       Параўноўваць геніяў — занятак марны і няўдзячны. Творчая сугучнасць Міцкевіча і Пушкіна прасочваецца не толькі ў літаратурных і светапоглядных асновах, але і ў непасрэдных дэталях, тэмах і матывах творчасці.  

      Трэба сказаць, што  нябачная нітка  назаўсёды звязала Міцкевіча і Пушкіна. Можа таму  цяжка знайсці беларускі горад, каб у ім не аказалася вуліцы, названай у гонар Міцкевіча і Пушкіна.   Імя ж нашага славутага земляка - Адама Міцкевіча ўвекавечана ў розных назвах шырока і маштабна. Наша беларуская зямля не дзеліць, яна аб'ядноўвае - мары, таленты, лёсы, як назаўсёды аб’яднала імёны Міцкевіча і Пушкіна.

 

883