ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА - Крым

У 1825 годзе Адам Міцкевіч атрымлівае прызначэнне ў Адэсу, адкуль у верасні здзяйсняе паездку ў Крым. Наведаў Тарханкут, Еўпаторыю, Бахчысарай, Балаклаву, Байдары, Гурзуф, Аю-Даг, Алушту, Чатыр-Даг.

У Еўпаторыі яго сустрэў гарадскі галава Сіма Саламонавіч Бабовіч (1788-1855), які пазней, з 1839 г. стаў першым афіцыйным караімскім гахамам (вышэйшай духоўнай асобай караімаў).

Натхнёны ўбачаным, Міцкевіч напісаў цыкл "Крымскія санеты", якія лічацца адным з шэдэўраў сусветнай паэзіі. Зборнік з гэтым цыклам быў выдадзены ў Маскве ў снежні наступнага 1826 года з аўтарскім прысвячэннем: "Таварышам падарожжа па Крыме".

Праз некалькі месяцаў з'явіўся пераклад санетаў на рускую мову, які даў магчымасць перакладчыку назваць Міцкевіча ўвасабленнем літаратурнай славы і параўнаць некаторыя яго санеты «з лепшымі вершамі Байрана».

Асноўныя матывы «Крымскіх санетаў» Міцкевіча - гэта адзінота чалавека, адарванага ад роднай зямлі, закінутага на чужыну, туга па радзіме - Літве, па каханым людзям, з якімі ён разлучаны.

1071