Багаты лістапад на юбілеі

Багаты лістапад на юбілеі

  Сёлета гэта сапраўды так. У лістападзе адзначаюцца юбілеі трох нашых знакамітых землякоў: Аляксандра Аляксандравіча Губко (85-годдзе), Марыі Іосіфаўны Канюшкевіч (80-годдзе) і Эдуарда Іосіфавіча Груды (85-годдзе). З нагоды юбілеяў хочацца пазнаёміць землякоў з людзьмі, якія праславілі не толькі Дзятлаўшчыну, але і Беларусь у розных сферах навуковай дзейнасці.

  Губко Аляксандр Аляксандравіч (05.11.1936 – 10.06.1993) – траўматолаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар (кафедра траўматалогіі і артапедыі з ваенна-палявой хірургіяй)

  Нарадзіўся ў в. Хадзяўляны Дзятлаўскага раёна ў сям'і селяніна. У 1953 годзе скончыў Дзятлаўскую сярэднюю школу, адразу паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут (1953-1959). Пасля вучобы быў размеркаваны на працу  ва Усялюбскую ўчастковую бальніцы Навагрудскага раёна (1959-1960), дзе працаваў галоўным урачом. Затым два гады займаў пасаду хірурга міжраённай Навагрудскай бальніцы (1960-1961). Маладога таленавітага ўрача заўважылі, запрасілі на працу  ў Беларускі НДІ траўматалогіі і артапедыі ў якасці  клінічнага ардынатара (1961-1964). Пазней некаторы час працаваў артапедам медыцынскага аддзела Мінскага пратэзнага завода (1964-1967).

  Паралельна вучыўся ў аспірантуры, у 1966 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Лячэнне адкрытых пераломаў доўгіх трубчастых костак”, быў запрошаны на пасаду асістэнта кафедры траўматалогіі і артапедыі Мінскага медыцынскага інстытута (1967-1982). У 1982 годзе атрымаў вучонае званне дацэнта. У 1983 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме "Інфікаваныя пераломы і незрашчэнні доўгіх трубчастых костак", праз год зацверджаны ў вучоным званні прафесара. На працягу шасці гадоў, з 1987 па 1993, узначальваў кафедру траўматалогіі, артапедыі і ваенна-палявой хірургіі з курсам анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Мінскага медыцынскага інстытута.

  Аляксандр Аляксандравіч быў вучнем знакамітага ў савецкі час прафесара А. С. Крука. Пад яго кіраўніцтвам працаваў над праблемай лячэння ўскладненых пераломаў канечнасцяў.

  Найбольшы ўнёсак зрабіў у вырашэнне праблем лячэння ўскладненых пераломаў костак канечнасцяў. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метад касцяной аўтапластыкі пры інфікаваных незрашчэннях доўгіх трубчастых костак; прапанаваў шэраг спосабаў і прыёмаў лячэння ўскладненых пераломаў костак канечнасцяў.

 

Апублікаваў больш за 120 навуковых прац, рэдагаваў часопіс «Урачэбная дапамога пры траўме». Аўтар 6 вынаходстваў і 21 рацыяналізатарскай прапановы. Кіраваў выкананнем 3 кандыдацкіх дысертацый.

  Некалькі гадоў узначальваў Рэспубліканскае навуковае таварыства траўматолагаў і артапедаў Беларусі (1991-1993).

  Памёр у Мінску ў 1993 годзе, пахаваны на Паўночных могілках.

  Аляксандра Аляксандравіча старажылы Хадзяўлян успамінаюць як шчырага і вясёлага чалавека, які любіў прыязджаць у родную вёску разам са сваёй жонкай, вядомай спявачкай Тамарай Раеўскай. Тут яны блукалі па наваколлях, любаваліся прыродай, любілі хадзіць па ягады і па грыбы. Прафесар ніколі не адмаўляў землякам ва ўрачэбнай дапамозе. На жаль, мала засталося тых, хто можа расказаць пра яго, але жывая яшчэ яго жонка, і наш музей пастараецца ў бліжэйшы час сустрэцца з ёй.

  Марыя Восіпаўна Канюшкевіч (07.11.1941) – беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук (1990), прафесар (1991). Выдатнік адукацыі БССР (1989).

 

  Нарадзілася ў в.Погіры Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыла Дзятлаўскую СШ №1. Затым – факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання Гродзенскага педагагічнага інстытута (1964) і аддзяленне рускай мовы і літаратуры філфака (1975) таго ж інстытута. Выкладала рускую і беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову ў Новаяльнянскай школе рабочай моладзі Дзятлаўскага раёна (1964-1970). Была адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх пры Лідскім гарвыканкаме (1970-1972), настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў васьмігодцы № 5 г.Ліды (1972-1975).

   У 1975 годзе разам з мужам пераехала ў Гродна, выкладала на кафедры рускай мовы Гродзенскага педінстытута. У тым жа годзе скончыла завочна аспірантуру на кафедры рускай мовы БДУ. У 1980 годзе прызначана загадчыкам кафедры рускай мовы Гродзенскага ўніверсітэта, адначасова ў 1992-1993 гадах – дэканам філфака Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Вывучае граматычныя катэгорыі рускай і беларускай моваў у іх супастаўляльных адносінах. Друкуецца ў навуковых выданнях з 1976 года. Выдала на рускай мове кнігі: “Сінтаксіс блізкароднасных моваў: тоеснасць, падобнасць, адрозненні”(1989), “Я рускай вучуся …”(1990, у суаўт.), “Сінтаксіс рускай і беларускай моваў: падобнасць і адрозненне” (1994, у суаўт.), “Руская мова. Сінтаксіс”. Ч.І.(1996, у суаўт.).

         За гады сваёй даследчыцкай дзейнасці вучоны-мовазнавец М.В.Канюшкевіч апублікавала звыш 100 навуковых работ.

  Зараз Марыя Восіпаўна на заслужаным адпачынку, але не прыпыняе навуковую працу, даследуе, друкуецца. Зрэдчас прыязджае на малую радзіму, заходзіць у музей. Некалькі гадоў таму мне пашчасціла пабываць у гасцях у Марыі Восіпаўны, пагутарыць з ёй і Міхаілам Сяргеевічам, вядомым у Гродзенскай вобласці урачом, прывезці ў фонды музея каштоўныя экспанаты з архіва вучонага. Марыя Восіпаўна – прыклад таго, як паступова, крок за крокам, чалавек можа ісці да мэты і дасягаць яе. Няхай шлях гэты будзе для яе плённым заўсёды.

  Эдуард Восіпавіч Гру́да (28.11.1936 – 14.10.1997) – беларускі матэматык, доктар фізіка-матэматычных навук (1974), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1984), прафесар (1991).

  Нарадзіўся ў в.Данілавічы ў сялянскай сям’і. У 1954 годзе скончыў Новаяльнянскую сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэтата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на навуковай рабоце ў лабараторыі дыферэнцыяльных ураўненняў Інстытута матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР. Прайшоў творчы шлях ад малодшага да галоўнага навуковага супрацоўніка інстытута.

  У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1966 г. яму прысвоена вучонае званне старшага навуковага супрацоўніка. У 1973 г. Э.В.Груда абараніў доктарскую дысертацыю.

  Спецыяліст у галіне аналітычнай і якаснай тэорыі дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненняў, тэорыі ўстойлівасці, тэорыі сістэм Пфаффа, тэорыі ўраўненняў з адхіляючым аргументам, тэорыі перыядычных рашэнняў дыферэнцыяльных сістэм, тэорыі матрычных ураўненняў. Э.І.Груда апублікаваў звыш 120 навуковых работ, падрыхтаваў 7 кандыдатаў фізіка-матэматычных    навук. У 1991 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара.

  Эдуард Восіпавіч – першы сярод вучоных Дзятлаўшчыны абараніў доктарскую дысертацыю, таму яго з гонарам можна называць піянерам навуковых даследаванняў сярод нашых знакамітых землякоў.

  Дзятлаўшчыне і дзятлаўчанам ёсць кім ганарыцца і з каго браць прыклад. А наш музей мэтанакіравана захоўвае памяць пра знакамітых землякоў. Зараз у нас працуе выстава “Мы ганарымся нашымі землякамі”, якая расказвае пра людзей, якімі сапраўды можна ганарыцца.

                                                                     Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

 

597