Народны каляндар. Восеньскія Кузьмінкі

14 лістапада называлі Восеньскія Кузьмінкі або Днём каваля. У гэты дзень курэй пераводзілі ў зімовыя катухі або ўцяплялі куратнік. Слабую або старую птушку забівалі, і з яе гатавалі бульён і пеклі курнікі – пірагі з мясам. Лічылася, што калі з'есці 14 лістапада курынае мяса, куры заўсёды будуць вадзіцца ў хаце.

Асабліва шанавалі ў гэты дзень кавалёў. Прафесія каваля была вельмі запатрабаваная, таму што майстры рабілі сярпы, цэпы, падковы, зброю і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Кавалёў паважалі і крыху баяліся, таму што верылі, што яны могуць знацца з нячыстай сілай. Чорт нібыта мог навучыць каваля рабіць асабліва добрую зброю. Але лічыліся кавалі і абаронцамі ад злых сіл, якія, як вядома, баяцца агню і жалеза.

Казалі, што Кузьма і Дзям’ян куюць зоркі на неба, а таксама закоўваюць рэкі лёдам. Казалі: "Кузьма закуе, а Міхаіл раскуе", таму што ў Міхайлаў дзень часта бывала адліга.
А яшчэ ў гэты дзень варылі піва.

742