Рэквіем памяці

Роўна 80 год назад, 8 снежня 1941 года, адбылася першая масавая акцыя расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва Наваградка. Гэтай падзеі папярэднічала селекцыя. 7 снежня 1941 года ўсё яўрэйскае насельніцтва гораду сабралася на тэрыторыі ваяводскага суда.

«Нацысты прыйшлі раніцай. На нагах апрануты высокія бліскучыя боты і шырокія скураныя рамяні з вялізнымі бляхамі, на якіх было напісана «Gott mit uns» – «Бог з намі»[...]»
Essie Shor

Наступнай раніцай пачаўся адбор. Нацысты пазбаўляліся ад «лішніх», каб не думаць, дзе іх размясціць і чым карміць. Жывымі пакінулі толькі 1500 чалавек. 75% насельніцтва горада пазбавілі жыцця.

Раніцай 8 снежня 1941 года 5100 яўрэяў прывезлі ў Скрыдлева. Усім загадалі легчы на зямлю па 50 чалавек, аддаць усе каштоўныя рэчы, распрануцца і залезці ў свежыя ямы, дзе ўсіх расстраляюць. Аднаго яўрэя прымусілі лічыць кожны стрэл, кожнага толькі што забітага. Чалавек не вытрымаў, ён спыніўся лічыць на палове...

У гэты дзень на месцы першай акцыі расстрэлаў прайшоў «Рэквіем», падчас якога падлеткі запалілі свечкі і зачыталі імёны забітых яўрэяў. Вялікі дзякуй усім, хто змог сёння далучыцца да нас.

615