Юбілей Паэта

9 снежня 2021 года прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.

А 12-й гадзіне каля помніка Максіму Багдановічу сабраліся прыхільнікі таленту геніяльнага паэта. “Максім Багдановіч – самы малады і самы рамантычны класік беларускай літаратуры. Яго творчы шлях складае каля дзесяці гадоў, але кожны яго твор пранікае ў душу чалавека”, – адзначыў падчас урачыстай цырымоніі першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада.

З прывітальнымі словамі выступілі: дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі, паэт, намеснік дырэктара канала “Культура” беларускага радыё Навум Гальпяровіч. Прагучалі музычныя кампазіцыі на словы Максіма Багдановіча ў выкананні Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы.

Увечары ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла прэзентацыя кнігі “Максім Багдановіч” (выдавецтва “Мастацкая літаратура”, серыя “Жыццё знакамітых людзей Беларусі”). У імпрэзе прынялі ўдзел укладальнік кнігі Міхаіл Бараноўскі, супрацоўнікі музея паэта, якія прымалі ўдзел у працы над выданнем: Валянціна Кароткіна, Юлія Мацук, Ірына Мышкавец. Вечарыну ўпрыгожылі вершы і песні на словы Максіма Багдановіча, якія прагучалі ў выкананні артыстаў Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова”, мастацкія кіраўнікі Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі.

Святкаванні юбілею паэта распачаліся яшчэ 23 лістапада з правядзення Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Максім Багдановіч – новыя гарызонты навуковых даследаванняў”.

Цягам апошняга тыдня супрацоўнікі музея знаёмілі ўсіх аматараў творчасці Багдановіча з рознымі музейнымі цікавосткамі – дыяфільмамі, квэстамі, малавядомымі фактамі з жыцця паэта, малявалі з дзеткамі музейныя экспанаты, правялі прэзентацыю мультфільма “Я тайну ў глыбіні душы хаваю…” сумесна з аніматарамі кінастудыі “Беларусьфільм”; паўдзельнічалі ў стварэнні выстаўкі “Бібліятэка Максіма” з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і ладзілі сустрэчы ў іншых бібліятэках горада, але і гэта яшчэ не ўсё.

Святочныя імпрэзы будуць працягваецца і далей у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і ў нашых сяброў і калег. 14 снежня адбудзецца літаратурна-музычны вечар у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Сачыце за анонсамі і далучайцеся!

683