Яшчэ раз пра гісторыю дзятлаўскага палаца: Ян Рустэм і Дзятлава

Яшчэ раз пра гісторыю дзятлаўскага палаца

Ян Рустэм і Дзятлава

Нядаўна мне трапіліся артыкулы Зміцера Юркевіча, гісторыка-архівіста, калумніста газеты "Культура", арт-куратара, пра Яна Рустэма. Аўтара хваляваў лёс дзятлаўскага палаца Радзівілаў, які зараз выстаўлены на аўкцыён, аднак аўкцыён пакуль што не адбыўся па пэўных прычынах. Зміцер Юркевіч меў на мэце распавесці пра дачыненні Яна Рустэма (1762–1835),  таленавітага беларускага і літоўскага мастака канца 18-га – першай паловы 19 стагоддзя, аднаго з бацькоў “віленскай мастацкай школы”, да Дзятлава і нашай візітнай карткі – палаца.

Ян Рустэм не вельмі шырока вядомы ў Беларусі. Ён згадваецца часцей за ўсё разам са сваімі вучнямі – вядомымі мастакамі ХІХ стагоддзя Юзафам Аляшкевічам, Валянцінам Ваньковічам, Янам Дамелем, Напалеонам Ордам, Канутам Русецкім, Іванам Хруцкім, Вінцэнтам Дмахоўскім (між іншым, нашым земляком з вёскі Нагародавічы).

Пасля вучобы ў розных краінах Еўропы, прыкладна ў 1790-х гадах, пачынаюцца вандроўкі Яна Рустэма па сядзібах Вялікага Княства Літоўскага. Яго падтрымаў вядомы мецэнат, князь Адам Чартарыскі, палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, таму Яна ахвотна прымалі ва ўсіх маёнтках. Так ён і трапіў у Дзятлава, дзе затрымаўся на пяць гадоў.

Зміцер Юркевіч сцвярджае, што Рустэм бываў і працаваў у Явары і Дзятлаве ў Солтанаў,  і гэта не было таямніцай. І нават тое, што ў Дзятлаве ён ажаніўся з нейкай Ганнай з Кунертаў, з якой меў дачку, таксама было вядома з крыніц, якімі карысталіся некаторыя даследчыкі.

Метрычныя кнігі дзятлаўскага касцёла за 1793-1797 гады згадваюць імя Яна Рустэма і яго будучай жонкі, з гэтых жа кніг становіцца вядомым кола знаёмых Рустэмаў. Магчыма, дзятлаўчанам пра нешта нагадаюць такія прозвішчы, як Урбановічы, Хілінскія, Тумілоўскія, Лахніцкія, Сульжынскія, Радзішэўскія, Сабалеўскія. У гэтых сем’ях Рустэм і яго жонка хрысцілі дзяцей. Канешне, прозвішчы зараз могуць гучаць трохі па-іншаму. То не так запісалі, то няправільна пераклалі пры перапісванні з лацініцы ў кірыліцу пісары.  У гэты час Рустэм знаходзіўся пад апекай сваіх мецэнатаў – славутага палітычнага і грамадскага дзеяча ВКЛ Станіслава Солтана і яго жонкі Францішкі-Тэафілы Радзівіл.

Ажаніўся  мастак прыкладна ў 1795-1796-х гадах. Калі нарадзілася і была ахрышчана яго дачка, невядома. Ёсць, аднак, звесткі, што хроснымі бацькамі сталі “яснавяльможны Ігнат Лахніцкі, палкоўнік войска ВКЛ, Канстанцыя Солтан, дачка літоўскага надворнага маршалка Станіслава Солтана, асістэнтамі пры хрышчэнні сталі Яўхім Кміта, Наваградскі земскі суддзя, Антаніна Лахніцкая (жонка Ігната), Міхал Дашкевіч, гарадзенскі земскі пісар, Ганна Солтан (сястра Канстанцыі, будучая жонка Антона Ваньковіча), Адам Есьман, слонімскі земскі суддзя, Францішка Солтан (жонка Станіслава), Ян Сухадольскі, Тарэза Солтан, Элеўтэры Семірадскі, наваградскі земскі суддзя, і Тэкля Сухадольская, жонка Яна. Кампанія , мяркуючы па прозвішчах і пасадах, вельмі ганаровая. І адбывалася ўсё, напэўна, у палацы Солтанаў.

Гісторык Зміцер Юркевіч лічыць, што ў мастака быў брат, бо ў Дзятлаве знайшлася згадка яшчэ пра аднаго Рустэма. Прыкладна ў 1796 бацькам стаў Ян Рустэм. А ў 1797, 15 (26) кастрычніка ў недалёкіх ад Дзятлава Баравіках была ахрышчана Тарэза, дачка Готліба і Тэклі Рустэнаў (прозвішча Рустэм запісвалася пісарамі па-рознаму, ёсць варыянты Рустэн, Русент, Русцім, Рустым), кумамі яе сталі Ян Кунц і Марыяна Райнхольд (гэта ўсё нямецкія сляды ў лёсе мастака). Па ўзросце ён сапраўды мог быць братам мастака. Праўда, іншых звестак пра лёс сям’і Готліба пакуль што не знойдзена.

“Калі нанесці на карту мясцовасці назвы дзятлаўскіх фальваркаў ці сядзіб (сёння гэта вёскі), дзе як пачэсны госць і сябра дому (кум або асістэнт на хрэсьбінах) пабываў за пяць гадоў Ян Рустэм, а потым злучыць іх лініямі, то атрымаецца сапраўднае суквецце кмену на доўгім сцябле, у якім горад Дзятлава з’яўляецца пунктам збегу ўсіх адгалінаванняў… – Явар, Гернікі, Дзятлава, Хаткі, Багудзенкі, Яцвезь, Жыбартоўшчына (пазней належала Дамейкам), Засець, Баравікі (Готліб Рустэн). Хаткі, па ўсёй верагоднасці, гэта сённяшняе “ўрочышча Хаткі”, – разважае ў сваім артыкуле “Сцежкамі Яна Рустэма” Зміцер Юркевіч.

Акрамя вядомага ўжо Адама Чартарыскага, патронамі Яна Рустэма сталі, канешне ж, і Солтаны. Солтаны – такі ж старажытны беларускі род, як і Радзівілы. Хоць і не княжацкі, але вельмі разгалінаваны і ўплывовы. Станіслаў, які нарадзіўся ў 1756 годзе, быў сваяком Сапегаў і Масальскіх, Сулістроўскіх, Ромераў і Вейсэнгофаў. Быў вельмі адукаванай асобай, хоць невядома, дзе і калі вучыўся. Ажаніўся каля 1780 года, атрымаў вялікі пасаг і ў цесця выкупіў Дзятлава. Як пісаў польскі даследчык Збігнеў Анусік, пры ім “стары замак быў перабудаваны ў сучасны палац, у якім захаваліся элементы стылю ракако, а таксама быў закладзены парк у англійскім стылі, ініцыятарам якога, верагодна, была першая жонка Францішка Радзівіл”. Гэта яшчэ адзін цікавы факт з гісторыі палаца.

Між іншым, сёлета спаўняецца 265 гадоў з дня нараджэння Станіслава Солтана, чалавека, чыё імя вартае павагі і шанавання.

Станіслаў Солтан некаторы час варагаваў з гетманам Міхалам Казімірам Агінскім, гаспадаром Слоніма. Прычынай сталі палітычныя амбіцыі аднаго і другога і спробы вылучыць паслом на сойм “свайго чалавека”. За спінай Агінскага стаяў кароль Станіслаў Панятоўскі і Караль Радзівіл “пане Каханку”, а Солтан меў шырокую падтрымку слонімскіх павятовых ураднікаў. Перамог у супрацьстаянні Солтан.

Разам з жонкай актыўна ўдзельнічаў у распаўсюджванні масонства ў ВКЛ. Быў сябрам ложаў “Руплівы ліцьвін” і “Дасканалая еднасць”. Магчыма, гэта растлумачвае тое, што на фасадзе дзятлаўскага касцёла знаходзіцца выява масонскага сімвала – усёвідушчага вока? На гэты конт таксама ідуць спрэчкі і пэўнага адказу пакуль няма. Вядома, што Ян Рустэм таксама быў масонам, як і ледзь не ўсе перадавыя асобы на памежжы ХVIII – XIX стагоддзяў). Солтан належаў да патрыятычнага кола ВКЛ. Таму ў 1793 годзе палац у Дзятлаве стаў у Наваградскім ваяводстве галоўным цэнтрам падрыхтоўкі да паўстання 1794 года. Гэта яшчэ адна цікавая і малавывучаная старонка дзятлаўскай гісторыі, якая патрабуе пільнага даследавання, бо пакуль што інфармацыі пра ўзел дзятлаўскіх магнатаў у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі не сустракалася. Цікава, што яго бліжэйшым паплечнікам у гэтай справе стаў Адам Вярэйскі – патрон Мікалая Міцкевіча, бацькі Адама Міцкевіча, вядомага польскага паэта з Навагрудчыны. Ён дапамагаў Мікалаю Міцкевічу ў некаторых судовых справах, а таксама быў дзядзькам Анэлі з Вярэйскіх Узлоўскай – хроснай маці паэта.

Каб аслабіць паўстанчы рух, расійскія ўлады ў сакавіку 1794 года арыштавалі Солтана як аднаго з галоўных паўстанцаў, пасадзілі яго пад хатні арышт у палацы, а потым выслалі ў Смаленск, а далей як “дзяржаўнага злачынцу І катэгорыі” – у Казань. У гэты самы час жонка Солтана з дзецьмі выехала ў Варшаву, каб вярнуцца ў 1795 годзе – пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і поўнай акупацыі земляў ВКЛ Расійскай імперыяй.

Разам з ёй, хутчэй за ўсё, выехаў і Ян Рустэм, бо з красавіка 1794 па май 1795 яго імя нідзе не згадваецца. Хоць да таго часу і пасля згадак даволі шмат.

У 1797 вярнуўся з Казані і Станіслаў Солтан. У 1812 годзе ён, як патрыёт ВКЛ, падтрымаў Напалеона. А ў 1831 годзе яшчэ раз убачыў святло надзеі на вызваленне  зняволенай Радзімы. Сын Станіслава, Адам Солтан (яго ў дзяцінстве вучыў маляваць Ян Рустэм), кінуўся з галавой у паўстанчы рух. За гэта расійскія ўлады канфіскавалі Дзятлава і іншыя маёнткі Солтанаў. А ў палацы зрабілі казармы расійскіх салдат. Безумоўна, сведкам усяму гэтаму быў вольна ці нявольна мастак Ян Рустэм, бо сувязь з сям’ёй Солтанаў у яго была амаль кроўная. А дзякуючы пратэкцыі Францішкі Солтан, жонкі Станіслава, ён і трапіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе выкладаў жывапіс.

Вось такая цікавая інфармацыя, якая яшчэ раз пацвярджае знакавасць палаца Радзівілаў, лёс якога вырашаецца менавіта зараз, на нашых вачах.

Падрыхтавала матэрыял Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

631