Феафан Семяняка — святар воляю Божай

Феафан Семяняка – святар воляю Божай

Некалькі месяцаў таму ў Дзятлаўскім музеі адбылася прэзентацыя кнігі Георгія Роя “Накрышкі. Летапіс Барыса-Глебскай царквы”. Кніга стала настольнай для многіх дзятлаўчан, якія цікавяцца гісторыяй свайго краю, шукаюць факты з радаводу ўласных сем’яў, а таксама для краязнаўцаў і супрацоўнікаў сектара па турызме Дзятлаўскага райвыканкама, бо з дапамогай яе можна пракласці не адзін турыстычны маршрут у мясцінах, связаных са славутым родам Стравінскіх і партызанскім рухам часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Асабіста мяне зацікавіла тэма рэпрэсіраваных святароў. Тэма балючая, да канца яшчэ не раскрытая, але вельмі цікавая. Мужнасць людзей, якія прайшлі праз турмы, высылкі, лесапавалы, выклікае захапленне. А калі гэта яшчэ нашы землякі, то хацелася дакапацца да прычыны таго, за што чалавек пацярпеў, што дало сілы вытрымаць усе выпрабаванні і застацца сабой.

Адным з такіх святароў, згаданых у кнізе Георгія Роя, аказаўся Феафан Семяняка. Ён некаторы час на пачатку 20 стагоддзя служыў псаломшчыкам у Накрышскай царкве. А тут яшчэ пры складанні краязнаўчага календара на наступны год заўважыла, што загінуў Феафан Семяняка ў 1937 годзе, значыць, у наступным, 2022, спаўняецца 85 гадоў з дня яго смерці. І захацелася гэту дату не прамінуць, яшчэ раз узгадаць імя нашага земляка, які загінуў за праваслаўную веру, стаў прыкладам для многіх людзей, асабліва для землякоў.

І яшчэ адзін цікавы факт: нарадзіўся святар 6 студзеня, перад самымі Калядамі, калі людзі рыхтуюцца да Куцці, чакаюць з’яўлення на небе першай зоркі і спадзяюцца на цуды, на Божую ласку. Ці не такой зоркай стаў для сям’і Семянякаў маленькі Мікалай, народжаны на славу беларускай царквы і вялікія пакуты?

У двухтомніку Леаніда Маракова “Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967” змешчаны артыкул, прысвечаны Феафану Семяняку (Мікалаю Адамавічу Семяняку). Аўтар працаваў у архівах, знайшоў максімальна даступныя матэрыялы пра святара. Таксама пра яго пісаў у газеце “Перамога” святар Расціслаў Салаўёў, калі служыў настаяцелем Накрышскай царквы. Яго артыкул, ужо на рускай мове, ёсць на сайце dyatlovo.by.

Аднак хочацца яшчэ раз нагадаць землякам пра гэтага чалавека. Каб помнілі і ведалі: наша дзятлаўская зямля мае кім ганарыцца.

У адкрытым спісе ахвяраў палітычных рэпрэсій у СССР, база дадзеных якога ўжо ўтрымлівае інфармацыю пра 62 745 асоб, ёсць і імя Мікалая Адамавіча Семянякі. Тут падаецца, што ён нарадзўся 19 студзеня 1879 года, а не шостага. Прычынай можа быць падача даты на старому і новаму стылю. Ды і ў  дакументах дата нараджэння часта блыталася, падавалася па-рознаму. Месца нараджэння: Гродзенская губерня, Слонімскі павет (Гродзенская вобл.), мястэчка Дзятлава. Нацыянальнасць – рускі, служачы, адукацыя сярэдняя спецыяльная, прафесія – Архіепіскап г.Мінск, дата расстрэлу – 10 лiстапада 1937 г., месца смерці – Хабараўск, Дальлаг.

Кароткія звесткі з архіўнай даведкі КДБ РБ 31424-с, як і пра кожнага вязня, але перад вачыма праходзіць усё жыццё чалавека. А хто больш-менш цікавіцца тэмай рэпрэсій, уяўляе, што хаваецца за гэтымі фактамі.

Нарадзіўся Мікалай Семяняка ў сям'і настаўніка (некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што ў сям’і пісара). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Літоўскую (Віленскую) духоўную семінарыю, рукапаложаны ў іерэя ў 1905 годзе. Служыў у храмах Гродзенскай губерні. Адначасова (са жніўня 1911 года і, верагодна, па запрашэнні святара Яраслава Савіцкага) выкладаў Закон Божы ў сіроцкім прытулку Гродзенскага Чырвонастоцкага Раства-Багародзіцкага жаночага манастыра Сакольскага павета Гродзенскай губерні. Займаўся гісторыяй краю, манастыра, пісаў вершы, якія друкаваў у часопісе «Русский паломник».

На пачатку Першай сусветнай вайны з жонкай, сынам і дачкой быў у бежанстве ў Ціфлісе (цяпер Тбілісі, Грузія). З 1916 служыў у царкве на Брацкіх могілках Севастопаля (цяпер Украіна), потым у Міннай школе. У 1921 пераехаў з сям’ёй у Маскву. Служыў у  храме свяціцеля Аляксія ў Глінішчаўскім завулку, у царкве Екацярынінскай бальніцы ля Пятроўскіх варот, у Барыса-Глебскай царкве на вул. Вароўскага.

Першы раз арыштаваны 30 лістапада 1925 года супрацоўнікам АДПУ Чацкім і іншымі па ордары, падпісаным Ягодай. Праходзіў па адной справе з мітрапалітам Пятром (Палянскім). 21 мая 1926 года асуджаны за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 2 гадоў пазбаўлення волі і высланы ва Усць-Сысольск (Удмурцкая АССР). Падчас зняволення аўдавеў.

Пасля вызвалення жыў у Маскве, служыў настаяцелем Барыса-Глебскай царквы. 13 снежня 1930 года па благаславенні мітрапаліта Сергія (Страгародскага) адбылася хіратонія ў Пакроўскім саборы ў епіскапа Мінскага і ў лютым 1931 выехаў у Мінск. Богаслужэнні адпраўляў у Мікалаеўскай царкве ў пасёлку Козырава (прыгарад Мінска, цяпер у межах горада). Дзявятага ліпеня 1934 года ўзведзены ў сан архіепіскапа. Па ўспамінах протаіерэя Барыса Васільева, Феафан заваяваў сярод людзей вялікую папулярнасць і павагу.

Паўторна арыштаваны 9 красавіка 1935 года. Абвінавачваўся НКВД як «адзін з кіраўнікоў антысавецкай арганізацыі ў пасёлку Козырава». Асуджаны асобай нарадай пры НКВД 10.8.1935 з іншымі святарамі, старастам і актыўнымі прыхаджанамі Козыраўскай царквы за «контррэвалюцыйную дзейнасць» да 8 гадоў ППК. Этапаваны ў Далёкаўсходні канцлагер НКВД Хабараўскага краю. У зняволенні прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны 10.11.1937 года.

Па першай справе пытанне аб рэабілітацыі разглядаецца Генеральнай пракуратурай РФ, па другой (№ 31424-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда БССР 4 красавіка 1990 года, па трэцяй – пракуратурай Хабараўскага краю 16.1.1989 года.

Мы мала ведаем пра подзвігі святароў. Прычына таму зразумелая: у савецкі час пра іх не прынята было гаварыць, а тым больш даследаваць іх дзейнасць. Але ўсё мяняецца, і дзякуй Богу, сёння згубленыя імёны вяртаюцца дзякуючы старанням гісторыкаў-прафесіяналаў і рупліўцам краязнаўчай працы.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

615