Воркшоп: этапы правядзення мерапрыемства

У Краязнаўчым музеі Полацка ў рамках праекта «Краязнаўчаму музею – 95!» працягваецца воркшоп «Музей вачыма юнага мастака», у якім бяруць удзел выхаванцы ДУА «Полацкая дзіцячая мастацкая школа». Першым этапам гэтага навучальнага мерапрыемства стала наведванне будучымі мастакамі музея, дзе яны знаёміліся з яго гісторыяй і экспазіцыйнай прасторай. Супрацоўнікі музея акцэнтавалі ўвагу навучэнцаў і на экспанатах, якія адлюстроўваюць культурнае жыццё горада ў розныя гістарычныя перыяды. Вялася гутарка і аб тым, якім яны хацелі б бачыць Краязнаўчы музей у будучыні. Узніклыя ідэі хлопцам і дзяўчатам было прапанавана рэалізаваць шляхам стварэння карцін, аплікацый, макетаў і інш. Пасля гэтага пачаўся другі этап воркшопа, падчас якога навучэнцы пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў рыхтавалі эскізы творчых работ. На трэцім этапе яны ператваралі эскізы ў завершаныя мастацкія творы, якія зусім хутка будуць прадстаўлены анлайн-наведвальнікам музея на чацвёртым этапе воркшопа ў форме віртуальнай міні-выставы.

684