Цікавы музейны прадмет. Каралінг

Сёння мы пагаворым аб адным з самых вядомых відаў мячэй, які саступае па папулярнасці хіба што японскай катане, - каралінгу. Вам гэта нічога не гаворыць? А калі я скажу, што мы пагаворым аб мячы вікінгаў? Ага, успомнілі Гаю Уайсс, якая грае бравую Тору Рагнар у "Вікінгах"? Вось і выдатна.

Тым не менш, вернемся да таго, што «меч вікінгаў» насамрэч называецца мячом-каралінгам у гонар франкскай дынастыі Каралінгаў. А прыйшоў ён на змену мячу-меравінгу, названаму ў гонар франкскай дынастыі Меравінгаў. Увогуле з фантазіяй у гісторыкаў прутка. Чаму ж меч вікінгаў названы ў гонар франкскіх каралёў? Таму што цэнтрам іх вытворчасці было якраз Франкскае каралеўства.

Кіравалі вытворчасцю ўплывовыя арыстакраты, біскупы або абаты буйных манастыроў. Каб заахвочваць развіццё вытворчасці, Каралінгі рэгулярна выдавалі капітулярыі, якія загадвалі руплівым гаспадарам мець у сваіх маёнтках як мага больш рамеснікаў, у тым ліку кавалёў. Кавалі, якія жылі ў маёнтках абацтваў або арыстакратаў маглі плаціць за арэнду зямлі вырабленай імі зброяй.

Сам жа каралінг быў не проста самым папулярным відам мяча ў Раннім сярэднявеччы, а ўвогуле адзіным, а распаўсюджаныя яны былі не толькі па ўсёй Еўропе, але і ў Рускіх княствах і нават на Усходзе. Да гэтага часу вядома некалькі тысяч экзэмпляраў каралінгскіх мячоў, знойдзеных у Еўропе, па берагах Міжземнамор'я і на Блізкім Усходзе. Па некаторых ацэнках, сёння ў нашым распараджэнні знаходзіцца толькі тысячная доля мячэй, якія некалі выкарыстоўваліся. Дзякуючы ваенным паходам, рабаванням і рэгулярнаму атрыманню даніны з тэрыторый у IX–XI стагоддзях скандынавы валодалі значнымі матэрыяльнымі рэсурсамі, што дазваляла ім масава закупляць высакаякасную зброю франкскіх рамеснікаў, а потым рабаваць іх пры дапамозе іх жа мячэй (такі кэшбэк па-сканданаўскі). Шырокі арэал распаўсюджвання знаходак сведчыць аб тым, што мячы суправаджалі вікінгаў у гандлёвых і ваенных экспедыцыях. Судзячы па арабскіх пісьмовых крыніцах, скандынавы не толькі закуплялі мячы для ўласнага выкарыстання, але і актыўна гандлявалі імі на далёкіх рынках.

Але даволі гісторыі, пагаворым аб тым, што з сябе ўяўляе каралінгскі меч як такі. Каралінгскія мячы адрозніваліся даволі доўгім і

шырокім вострым клінком з прамымі лёзамі, які злёгку звужаўся да кароткага вастрыя. У канцы VIII стагоддзя даўжыня клінка ў сярэднім складала 0,7-0,8 м, а да сярэдзіны X – XI стагоддзяў павялічылася да 0,84-0,9 м., а вага дасягала прыкладна 900 г. Пасярэдзіне мяча ўздоўж усёй яго даўжыні ішоў шырокі дол: ён прызначаўся для палягчэння вагі зброі, павінен быў рабіць клінок больш цвёрдым, а таксама дапамагаў эканоміць метал. Шырокае лязо каралінгскіх мячоў выдатна падыходзіла каб сячы ворага, а кароткае і круглявае вастрыё выконвала дапаможную функцыю. Ручка з брускападобным скрыжаваннем і масіўным грыбападобным навершам дазваляла ўладальніку моцна трымаць меч у руцэ. Перакрыжаванне і наверша багата дэкарыраваліся інкрустацыямі з залатога і срэбнага дроту і рэльефнымі ўпрыгожваннямі. Для ўбрання выкарыстоўвалі лінейна-геаметрычныя і стужападобныя арнаменты, выкананыя метадам інкрустацыі па метале. Такім чынам меч-каралінг уяўляў з сябе не толькі грозную для свайго часу зброю, але і быў сапраўдным творам мастацтва, які падкрэсліваў высокі статус свайго ўладальніка.

646