Цікавы прадмет у фондах музея — кніга «Адам Міцкевіч: Геній, Паэт, Ліцвін»

Сёння ў дзень нараджэння славутага земляка хочацца расказаць аб каштоўным прадмеце, які музей набыў па спецрахунку літаральна на днях. Гэта – кніга пад назвай “Адам Міцкевіч: Геній, Паэт, Ліцвін”, аўтар Несцярчук Леанід Міхайлавіч. Надрукавана кніга ў ААТ “Брэсцкая друкарня” у 2019 годзе.

Выданне, сапраўды, шыкоўнае. Вокладка аформлена ў залаціста-бэжавым колеры, з залатым цісненнем. Кніга багата ілюстравана.

Манаграфія складаецца з 12 раздзелаў, у якіх аўтар цікава і падрабязна выкладае жыццяпіс Адама Міцкевіча, ягоную паэтычную спадчыну, працу па ўшанаванні імя вялікага паэта ў Беларусі і за мяжой. Кожны раздзел суправаджаецца ўрыўкамі з твораў А.Міцкевіча. Адзін з раздзелаў абавязкова выкліча цікавасць: ён прысвечаны жанчынам-музам паэта.

У канцы кнігі пададзены разгорнуты бібліяграфічны агляд архіўных і друкаваных крыніц, спіс твораў А.Міцкевіча ў перакладах на беларускую, украінскую, рускую, яўрэйскую, літоўскую і іншыя замежныя мовы, спіс твораў, прысвечаных А.Міцкевічу, а таксама як А.Міцкевіч прадстаўлены ў выяўленчым і тэатральным мастацтве, у кіно і музыцы.

638