Паэт з маладою душой

Студзеньскія юбіляры

Паэт з маладою душой

Так можна сказаць пра Уладзіміра Васько – паэта, празаіка, журналіста, лёс якога пралягаў некаторы час і праз Дзятлаўшчыну.

Уладзімір Гаўрылавіч – жыццялюб і актыўны ўдзельнік творчых сустрэч, чалавек, які не стаміўся ад жыцця, у кожным новым дні бачыць магчымасць несці святло сваёй душы і дабрыню людзям. І ў першую чаргу праз паэтычныя радкі, шчырыя, поўныя чалавечнасці, любові да радзімы і яе людзей.

Нарадзіўся паэт ў в.Ліпічанка Шчучынскага раёна 2 студзеня 1937 года. За плячыма Уладзіміра Гаўрылавіча  Гродзенскі педінстытут (цяпер дзяржаўны ўніверсітэт) імя Янкі Купалы, праца ў рэдакцыях Шчучынскай (1959 -1960), Дзятлаўскай (1967-1972) і Лідскай (1972-2000) раённых газет. 

Дзятлаўчане і сёння помняць Уладзіміра Васько. Алена Дзікалава, былая супрацоўніца газеты “Перамога”, узгадвае: “Валодзя – цудоўны чалавек, спагадлівы, добры, некрыўдлівы. Ён разумеў нас, маладых, да яго на “Парнас” (так называлі лавачку за рэдакцыяй, дзе паэт пісаў ад рукі вершы і артыкулы ў газету) хадзілі выгаварыцца, падзяліцца сямейнымі праблемамі. Ён выслухае, супакоіць, як кажуць, улагодзіць сэрца. Быў у яго душы незвычайны дар чалавечнасці. Мы, дзяўчаты-супрацоўніцы, далі яму мянушку “Тарас на Парнасе”, бо было трошкі дзіўна, што нехта побач з намі піша вершы і друкуецца. Калі пераехаў у Ліду, падтрымліваў зносіны з былымі калегамі, прыязджаў на юбілеі газеты. Шчыра віншуем былога калегу з юбілеем і жадаем плёну на доўгія гады”.

Пры “Лідскай газеце” шмат гадоў існуе літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”, актыўным удзельнікам якога з’яўляецца Уладзімір Гаўрылавіч. Між іншым, да 2003 года У. Васько кіраваў літаратурным аб’яднаннем “Суквецце”, назву  якому таксама даў ён. Зараз аб’яднанне ўзначальвае лідскі паэт Алесь Хітрун, ён лічыць Уладзіміра Гаўрылавіча сваім настаўнікам, шчыра ўдзячны яму за падтрымку і энергію душы, якая з’яўляецца пуцяводнай зоркай для многіх пачаткоўцаў.

У 2019 годзе выйшла апошняя кніга паэта пад такой жа назвай – “Энергія душы”, прысвечаная малой радзіме аўтара – вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна. Кніга была шырока прадстаўлена грамадскасці Лідчыны, вучням горада і раёна. Гэта ўжо шосты зборнік паэта. Перад гэтым былі кнігі “Прасветленасць” (1981), “На схілах берагоў” (1997), “Кругаварот жыцця” (2011), “Лясная рапсодыя” (2013), “Зігзагі лёсу” (2017).

У 2007 годзе Уладзіміра Васько прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Быў рэкамендаваны вядомымі беларускімі пісьменнікамі і паэтамі Юркам Голубам, Станіславам Суднікам і Аляксеем Пяткевічам.

У фондах нашага музея таксама ёсць зборнікі паэта. Гартаючы старонкі кніг Уладзіміра Гаўрылавіча, здзіўляешся глыбіні думкі, вытанчанасці паэтычнага радка, разнастайнасці матываў, уласцівых паэту. Сын сваёй зямлі, чалавек, які глыбока адчувае сябе сапраўдным беларусам, сынам бацькоўскай зямлі, рэк, азёр, лясоў і палёў Беларусі, Уладзімір Васько да болю душэўнага ўспрымае ўсё, што адбываецца ў свеце, шчыра перажывае за падзенне маральных нормаў і спрадвечных законаў жыцця, верыць у тое, што беларусы захаваюць і спагадлівасць, і дабрыню, і сваю талерантнасць, пранясуць лепшыя нацыянальныя рысы характару праз віхуры часу, як рабілі гэта не раз у часы ліхалеццяў. Таму і звяртаецца да маладога пакалення з пранікнёным наказам, нібы перадае з душы ў душу эстафету мудрасці народнай.

Вечны сімвал жыцця –
Гэта сімвал
Празрыстай крыніцы,
Узаранага поля ўзрушаны грай.
Немагчыма зусім нам
У гэты абсяг не ўлюбіцца.
А ўлюбіўся –
Душой родны край падпірай.
Ні яму, ні сабе не давай
У адхон ліхалецця зваліцца.
У смугу даляглядаў
Свой агонь пачуцця пасылай.
Б’ецца ў грудзі гадоў,
Нібы сэрца, святая крыніца.
Не давай замуціць яе
Чужаку не давай, не давай! (“Нашчадку”)

Сёлета Уладзіміру Гаўрылавічу спаўняецца 85 гадоў. Ён яшчэ поўны планаў, надзей, актыўна сустракаецца са сваімі чытачамі. Хочацца пажадаць гэтаму цудоўнаму чалавеку, які пакінуў на Дзятлаўшчыне свой след дабрыні, здароўя, доўгіх шчаслівых дзён жыцця.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўсага музея

 

641