Ігнат Дамейка - герой Чылі з-пад Наваградчыны

Ігнат Дамейка (31/07/1802 – 23/01/1889) – навуковец, рэфарматар, геолаг, мінеролаг, мемуарыст, член таварыства філаматаў, удзельнік Лістападаўскага паўстання 1830–1831 гг.

Нарадзіўся 31 ліпеня 1802 г. у родавым маёнтку Мядзвядка Навагрудскага павета ў сям’і Іпаліта Казіміравіча Дамейкі і яго жонкі Караліны (са шляхецкага роду Анцутаў). Яго маці Караліна Анцута была цёткай Марыі Верашчакі, у якую закахаўся паэт Адам Міцкевіч, а таксама траюраднай сястрой Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касцюшкі.

Скончыў Дамейка школу ў 1816 годзе, потым паступіў на аддзяленне фізікі і матэматыкі Віленскага ўніверсітэту. А яму было ўсяго толькі 14 год! Дамейка быў адным з самых юных студэнтаў універсітэту. У чэрвені 1817 года атрымаў ступень кандыдата філасофіі. Вучобу скончыў у першай палове 1820 года. У чэрвені 1822 года І.Дамейку была прысвоена ступень магістра філасофіі (і зноў-такі маладому хлопцу толькі 20 год).

За ўдзел у таемных таварыствах быў арыштаваны ў лістападзе 1823 года. І разам з большасцю арыштаваных філаматаў быў заключаны ў базыльянскім манастыры Святой Тройцы, што ў Вільні. У параўнанні з прысудамі Яну Чачоту і Тамашу Зану, прысуд Дамейку быў мяккім: судовае рашэнне прадпісвала жыць пад наглядам паліцыі ў сямейным маёнтку без права куды б там ні было адлучацца. Яму было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Гэтыя шэсць год Ігнат Дамейка не займаўся марнатраўствам, а наадварот: перакладае на польскую мову песні Асіяна і Каран, займаецца гаспадаркай – укараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, бровары, лесапільні.

Потым было паўстанне 1830-1831 гг., у якім ён, як патрыёт сваёй краіны, прыняў удзел, за што яго зноў чакала пакаранне. Дамейка быў аднесены да 2 разраду злачынцаў з канфіскацыяй маёмасці. Але яму пашанцавала, бо ён змог з'ехаць за мяжу. Праз некаторы час разам з Адамам Міцкевічам Дамейка пераехаў у Парыж. У сталіцы Францыі Дамейка наведвае лекцыі ў Сарбоне і ў Калеж дэ Франс, займаецца ў Батанічным садзе, удзельнічае ў геалагічных экскурсіях, вывучае хімію. Скончыў Горную школу з дыпломам горнага інжынера. І вось тут пачынаецца яго падарожжа ў Чылі, дзе ён зробіць столькі ўсяго, што яго іменем назавуць гарады і вуліцы, універсітэты, горны хрыбет у Андах, вулканічную граду «Кардыльера дэ Дамейка», мінерал і астэроід атрымаюць імя сына Наваградчыны і шмат-шмат іншага.

Пасля сябе Дамейка пакінуў мемуары, шмат навуковых прац і навуковых адкрыццяў. А яшчэ ён пакінуў шмат таленавітых нашчадкаў (каля 200 чалавек), якія зараз жывуць у Паўднёвай Амерыцы, ЗША, Аўстраліі.

620