Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на вечарыну «Неба ўсміхаецца маланкаю»

Ты – мяцеліца. Іншаю
Я цябе не ўяўляю, павер.
Ад дакораў тваіх
Прыемна і балюча,
Як ад снегу,
Які папаў за каўнер.

Мы расстанемся. І я ўздрыгну не раз
За будзённаю мітуснёю-бегам,
Якое шчасце было хадзіць
Тваім асыпаны снегам.

Гляджу на цябе – прападае
І смутак, і абурэнне-злосць.
Можа свет таму і цудоўны,
Што ты у ім ёсць.

Сёлета спаўняецца 85 год з дня нараджэння паэта Алеся Наўроцкага. З гэтай нагоды 18 лютага 2022 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на вечарыну “Неба ўсміхаецца маланкаю”. Пачатак а 18-й гадзіне.

Наведвальнікаў чакае лекцыя-размова з літаратуразнаўцам, даследчыкам, укладальнікам кнігі выбраных твораў Наўроцкага Віктарам Жыбулем. Таямніцы дзённікаў, гісторыі з жыцця, сакрэты вершаў – усё гэта ў расповядзе Віктара. А паэзія пераўтворыцца ў песню ў выкананні Міхала Бараноўскага.

Алесь Наўроцкі ўварваўся ў літаратуру 60-х гадоў вельмі яркай і незвычайнай паэзіяй. “Неба ўсміхаецца маланкаю” – яго першая кніга вершаў. Яна адразу стала рэзананснай для свайго часу літаратурнай з’явай. Творы паэта адразу звярнулі на сябе ўвагу нечаканымі асацыяцыямі, яркімі метафарамі, парадаксальнымі гіпербаламі, іроніяй…

Незвычайны для беларускай літаратуры быў і сам аўтар: належачы да так званага “філалагічнага пакалення”, быў па адукацыі медыкам. Гэта адлюстравалася і ў яго вершах, і ў прозе. Яго героі апранутыя ў медыцынскі халат і перажываюць тыя ж нягоды і радасці, што і ён сам, юнак-медык з Палесся.

Багата незвычайнага было і далей на творчым шляху. Алесь Наўроцкі ўсё жыццё нібыта пісаў адну адзіную кнігу. На доўгія гады замаўкаў і амаль знікаў з друку. Пасля вярнуўся, працягваючы пісаць арыгінальна і яскрава.

Кошт білетаў: 3 руб. – дарослыя, 1.5 руб. – школьнікі, студэнты.

Узрост: 16+.

Тэлефон для даведак: +375 (17) 363-56-21.

Адрас: вул. М. Багдановіча, 13.

634