Сучасны музей – месца для крэатыву!

Краязнаўчы музей Полацка ў 2022 годзе падключыўся да новага афлайн-праекта «Бушынг-2022», арганізатарам якога выступілі супрацоўнікі ААТ «Полацк-Шкловалакно». Назва серыі мерапрыемстваў была выбрана не выпадкова: на заводзе ў цэху №7 знаходзіцца тэхналагічнае абсталяванне для вытворчасці шклоніткі. Адно з вядучых месцаў у ім займаюць бушынгі – кароткія танкасценныя трубачкі, праз якія праходзіць шкломаса, а ў выніку фармуецца комплексная шклонітка зададзенай лінейнай шчыльнасці. Такім чынам, бушынг – гэта своеасаблівы сімвал пачатку вялікага шляху: ад з'яўлення першай ніткі і да стварэння ўнікальнай у сваім родзе тканіны, выкарыстоўваемай чалавекам у розных абласцях, ад будаўніцтва да машынабудавання. Удзельнікі афлайн-праекта таксама на працягу года пройдуць свой шлях пазнання. Работнікі найбуйнейшага прадпрыемства горада будуць наведваць музеі, удзельнічаць у майстар-класах, праяўляць свае творчыя і спартыўныя здольнасці. Першай пляцоўкай, куды накіраваліся крэатыўныя і азартныя шклозавадчане, стаў Краязнаўчы музей Полацка. Пошук таямнічага духу, які пасяліўся ў былой лютэранскай кірсе, прымусіў многіх ладна папрацаваць. Але заслужаныя ўзнагароды і памятныя прызы зрабілі наведванне музея запамінальным.

678