Галоўны літоўскі Трыбунал

1 сакавіка 1581 года лічыцца датай стварэння Галоўнага літоўскага Трыбунала – вышэйшай судовай і апеляцыйнай ўстановы ў Вялікім княстве Літоўскім.

Увогуле, у Рэчы Паспалітай першым быў створаны Каронны Трыбунал. Але па-за кампэтэнцыяй гэтай інстанцыі заставалася Вялікае Княства Літоўскае.

Трыбунал ВКЛ быў створаны паводле прынятай 1 сакавіка 1581 г. на варшаўскім Сойме ўхвалы «Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага», якая стала своеасаблівай канстытуцыяй гэтай судовай інстанцыі. Упершыню тэкст «Трыбуналу абывацелям Вялікага Княства Літоўскага» быў апублікаваны ў1586 г. у Вільні ў знакамітай друкарні Мамонічаў на беларускай мове.

Камплектаваўся склад Трыбуналу наступным чынам: ад кожнага павету (ці ваяводства, калі яно складалася з аднаго павету) шляхта на сваіх сейміках абірала па два рэпрэзентанта ў Трыбунал паўнамоцтвамі на 1 год. Сесіі Трыбуналу праходзілі пад старшынствам выбранага дэпутатамі маршалка, пастановы прымаліся большасцю галасоў на аснове Статутаў Вялікага Княства Літоўскага і соймавых канстытуцый.

Галоўнай сядзібай Трыбуналу была Вільня. Але сесіі Трыбуналу, вядомыя яшчэ як кадэнцыі, праводзіліся, апроч Вільні, таксама ў Троках, Наваградку і Менску. Паслядоўнасць месцаў нарадаў Трыбуналу ВКЛ адпавядала іерархіі ваяводстваў, усталяванай на ўнійным Сойме 1569 г.

З 1588 г. кадэнцыі па-за Вільняй сталі адбывацца папераменна, праз год – у Наваградку і Менску. Ад 1775 г., апроч Вільні, замест Наваградку і Менску было прызначана толькі адно месца трыбунальскіх сесій – Гародня.

723